“Внимание! Говорит Москва”, ці больш сціпла: “Гаворыць Мінск!” – так кожную раніцу пачыналі свой эфір дзяржаўныя радыёстанцыі СССР. Але мала хто са слухачоў задумваўся пра тое, калі і якім чынам была вынайдзена гэта сапраўдная выгода для ўсіх людзей – радыё. А вось савецкім дзецям яшчэ як карцела разабраць дзіўную скрыначку са сцяны і знайсці там маленькіх чалавечкаў, якія ў ёй жывуць, так гучна размаўляюць і прыгожа спяваюць.
Да Дня радыё, якое адзначаецца 7 мая, ў сельскай бібліятэцы-клубе в.Турэц-Баяры ў рамках праекта “Нецікавых прафесій не бывае” прайшло незвычайнае мерапрыемства “На прасторах радыёэфіра”. Яго наведаць хацелася ўсім: ад выхаванцаў дзіцячага сада да старшакласнікаў, бо тут раскрывалася вялікая тайна – хто ж усё-такі жыве ў радыёпрыёмніках і ці можна туды патрапіць усім жадаючым.
Спачатку праз слайды медыяпрэзентацыі дзеці азнаёміліся з такімі прафесіямі, як радыёжурналіст і радыёдыктар, вызначылі асаблівасці гэтых прафесій, іх станоўчыя і адмоўныя моманты; акрэслілі неабходныя асабістыя якасці тых, хто вырашыў звязаць сваё жыццё з радыё. І хоць гэтыя прафесіі сёння не вельмі запатрабаваныя, аднак для паступлення ў ВНУ на журналісцкія спецыяльнасці па выніках экзаменаў патрэбна набраць адзін з вышэйшых балаў у рэспубліцы.
А далей прапаноўвалася дзецям наведаць выставу з экскурсіяй “Савецкія радыёпрыёмнікі і не толькі”. Для ўсіх было дзівам убачыць лампавыя радыёлы і гучнагаварыльнікі 1950-х гг. у аправах з сапраўднага дрэва, а навучыцца ставіць вінілавыя пласцінкі ў электрапрайгравальнікі 1960-1970-х гг. – гэта ўвогуле з вобласці фантастыкі! А як здорава адчуць сябе дарослым маладым чалавекам і па-заліхвацкаму прайсціся з легендарным рыжскім транзістарам ВЭФам з 1980-х гг., каб усе побач пачулі і пабачылі, які ты круты! Нават звычайная для дарослых магнітафонная касета тут была незвычайнай для малых, бо яна ўстаўляецца ў магнітолу, і… гучыць музыка. А значыць – можна і патанцаваць! Таксама тут вяшчала радыё з прыёмніка, які сабралі мясцовыя падлеткі з усяго таго, што знайшлі ў бацькавым гаражы! “Родина” і “Вымпел”, “Беларусь” і “Віцязь”, “Рекорд” і “Раздан”, “Орфей” і “ Мэта”, “Philips”, “Profit” і самаробнае “Радзіва Прудок”… Дзеці былі ў захапленні!
Што ж, як бачым, Аляксандр Сцяпанавіч Папоў – геній не толькі свайго часу!
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.