Міжнародны дзень дзіцячай кнігі

размещено в: Новости | 0

Усе бібліятэкі свету 2 красавіка адзначалі Міжнародны дзень дзіцячай кнігі: праводзілі конкурсы і віктарыны, ладзілі ранішнікі, канферэнцыі і фестывалі з сустрэчамі дзіцячых аўтараў і мастакоў. Сельская бібліятэка-клуб в.Турэц-Баяры з гэтай нагоды, 5 красавіка, запрасіла на экскурсію самых маленькіх будучых чытачоў – выхаванцаў дзіцячага сада.

Вачаняты ў дзяцей іскрыліся – столькі незвычайных, цікавых і прыгожых кніг яны яшчэ не бачылі! Тут можна было пагартаць самыя маленькія і танюсенькія кніжкі-малышкі, паспрабаваць падняць аб’ёмныя, некаторыя на 1,5 тысяч старонак кнігі-падарункі і энцыклапедыі, раскласці і зноў вярнуць ў звычайны стан кніжкі-трансформеры… Са смехам малыя адказалі на пытанне: чаму некаторыя дзіцячыя кнігі маюць цвёрдыя кардонавыя старонкі? – А каб дзеці не згрызлі, як мышкі! Пра кнігі з 3D-ілюстрацыямі ўвогуле асобная гутарка – толькі воклічы захаплення зрываліся з дзіцячых вуснаў, калі надзявалі дашкаляты стэрэа-акуляры. Нават выхавальнікі заглянулі ў касмічную прастору дзівосных кніжак!

Толькі гэта яшчэ не ўсё – малых чакаў старэнькі чамадан, напоўнены казкамі! Але неабходна было спачатку здагадацца, якому казачнаму герою належыць тая ці іншая рэч: клубок нітак, тры арэшкі, гарошына, чырвоная шапка, тэрмометр, арэхавая шкарлупіна, цыбуліна… У выніку дзеці з задавальненнем пабывалі і Чырвонымі шапкамі, і Бабкамі-Ёжкамі, і Гары Потэрам, і Чапаліна, і, нават, Рэпкай!

Оставить ответ