Матэрыялы да правядзення мерапрыемстваў

Пісьменнік дабрыні і шчырасці

(літаратурны сцэнарый, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Янкі Галубовіча)

На сцэне стаіць журнальны столік з крэсламі. У абрамленні вышываных ручнікоў вісіць партрэт пісьменніка. Гучыць мелодыя беларускай народнай песні “Перапёлачка”.

 

Чытальнік:

Ад свяціла нараджаецца світанне,

У пячорах чорных – прывіды злых слоў,

Некаханне нараджае некаханне,

Ад нянавісці не родзіцца любоў.

 

Абыякавасць дасць парасткі знявазе,

Забуяе поле зайздрасці хлуснёй.

Каб пражыць свой век і годна, і ў павазе

Будзь зычлівым і з чужымі, і з раднёй

 

I вядучы: Янка Галубовіч нарадзіўся 26 мая 1942 ў в. Пранчэйкава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.

II вядучы: Скончыў Глыбоцкае вучылішча механізацыі. Працаваў у родным калгасе трактарыстам. Паспытаў у свой час і цалінны хлеб.

I вядучы: Потым быў Мінскі эканамічны тэхнікум і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служба ў СавецкайАрміі.

 

II вядучы: Безумоўна, не варта выкідваць з біяграфіі пісьменніка і гады працы на трактарным заводзе ў Рубцоўску, на заводзе сілавых паўправадніковых вентыляў (пасля “Электрамодуль”) у Маладзечне. А яшчэ ж былі разнастайныя пасады ў савецкіх і дзяржаўных установах роднага горада.

I вядучы: З маладых гадоў цягнула яго і да літаратурнай творчасці. Наведваў літаратурныя пасяджэнні, якія існавалі пры абласной газеце “Чырвоны сцяг”, потым стаў актыўным ўдзельнікам літаратурнага гуртка “Купалінка”, што працаваў пры маладзечанскай газеце “Святло камунізму”(цяпер “Маладзечанская газета”).

II вядучы: Пісаў вершы, допісы на разнастайную тэматыку, лірычныя замалёўкі, што змяшчаў на старонках як мясцовага, так і сталічнага друку. Ягоныя апавяданні і абразкі загучалі на хвалях рэспубліканскага радыё. Яго ахвотна публікавалі такія перыядычныя выданні як “Полымя”, “Маладосць”, “Вясёлка”, штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, ды багата іншых выданняў.

I вядучы: Як неаднаразова падкрэсліваў сам пісьменнік, для творчасці няма сюжэтаў лепшых, чым тыя, якія створаны жыццём, самой прыродай.

II вядучы: Праўда, не кожнаму дадзена заўважыць, увогуле ўбачыць. Бачыць у звыклым, паўсядзённым незвычайнае – гэта Божы дар.

І вядучы: І такой асаблівасцю валодаў Янка Галубовіч. Як шматразова падкрэсліваў сам пісьменнік у многіх інтэрв’ю, тэмы напісаных казак і апавяданняў, адрасаваных у першую чаргу для дзяцей школьнага ўзросту, распрацоўваў на аснове сваіх назіранняў, бываючы ў ваколіцах роднага Пранчэйкава, дзе нарадзіўся і вырас, мясцінах, знаходжанне ў якіх выклікала хваляванне душы, сардэчную акрылёнасць.

Чытальнік:

Мой лёс, як і ва ўсіх, –

то слёзна хмарыць,

То сонейка праб’ецца

праз імглу…

Як дыхаю

Як думаю

Як мару, –

Я так пішу.

II вядучы: І ўвогуле, Янка Галубовіч быў заўсёды ў руху. Неаднаразова яго можна было сустрэць з рукзаком, з кошыкам ці з вудаю на чыгуначным маладзечанскім вакзале, калі ён спяшаўся на “ціхае паляванне” або рыбалку.

Чытальнік:

Чаромхі водар, белы вэлюм саду,

Зязюлі шэрай ціхае “ку-ку”

І шум дажджу за сценкай роднай хаты

Я праз жыццё ў сэрцы пранясу.

Люблю свой край

І гэты сіні вечар

За хатай – васільковую мяжу.

І цёплы верш,

Як цёплы хлеб той з печы

На белы ліст паперы палажу.

I вядучы: Любіў Янка Галубовіч непаўторна-цудоўныя краявіды ў наваколлях Насілава, Крыніцы, Татаршчызны. З ахвотаю ехаў на раку Ушу, а іншы раз на Вілейскае вадасховішча, у Ізабеліна, каб пахадзіць ляснымі сцежкамі, сабраць ягад ці грыбоў, слухаць шэпт чаротаў, шум ветру ў вяршалінах прыбярэжных кустоў і дрэў, плёскат дзікіх качак.

II вядучы: Умеў Янка Галубовіч бачыць, чуць, назіраць, акаймляючы жыццёвыя факты, цікавыя і непаўторныя імгненні, падгледжаныя самім або пачутыя ў ходзе сустрэч ці размоў з суразмоўцамі ў час вандровак па мілай і любай сэрцу Маладзечаншчыне.

I вядучы: Потым усе вандроўкі-назіранні выліваліся на старонкі дзіцячых і анімалістычных кніг. І мусіць не памыляемся, калі скажам, што пісьменніцтва – гэта прызванне і дар Божы.

II вядучы: Янка Галубовіч – аўтар больш як чатырнаццаці кніг для дзяцей і дарослых. Друкаваўся ў дваццаці пяці калектыўных зборнікаў і чытанках.

I вядучы: Паміж іншым, урыўкі з яго твораў і цалкам творы ўключаны ў школьныя падручнікі па беларускай мове для другіх, трэціх і чацвертых класаў.

IІ вядучы: А кніга, што выдадзена выдавецтвам “Пачатковая школа” і мае назву “Дзівосы роднай прыроды”, складзена з лепшых апавяданняў, казак, назіранняў, што выходзілі ў свет у розныя гады.

I вядучы: У зборніку – 65 апавяданняў, звыш трыццаці павучальных казак. Кніга прызначана для маленькіх чытачоў і іх дарослых бацькоў.

II вядучы: У сваіх светлых і добрых творах аўтар усхвалявана, псіхалагічна дакладна апісвае сваіх сучаснікаў, якія імкнуцца ў жыцці да ўзвышанага, да тых мясцін, дзе нарадзіўся і расце яго маленькі чытач.

II вядучы: У маленькага чытача і падлетка пры дапамозе кароткіх лірычных замалёвак, часта перасыпаных прыказкамі і прымаўкамі аб працалюбстве і гультайстве, уменні прызнаць дапушчаную памылку, уменні сябраваць, разумець адзін другога, прыходзіць, калі неабходна, на дапамогу, выручаючы сябра ў бядзе, пісьменнік выклікае пачуцці шчырасці, спагады, неабыякавасці.

ІІ вядучы: Ёсць у творчасці Янкі Галубовіча апавяданні пра Вялікую Айчынную вайну. З болем у сэрцы пісаў пісьменнік пра вайну у Афганістане. Багата, вобразна і дакладна распавядае пра жыццё сучаснай яму беларускай вёскі. Унікальныя і яскравыя ў яго апавяданні аб прыродзе. Павучальныя і мудрыя яны ў яго атрымоўваюцца, з заўсёды пацешнымі звычкамі звяроў і птушак. Таму так лёгка, са смакам чытаюцца, западаюць у душу.

І вядучы: На такую адметную асаблівасць творчасці Янкі Галубовіча (літаратурны псеўданім Баравы) звяртаюць увагу многія літаратурныя крытыкі, рэцэнзенты. Пра яго кнігі пісалі такія вядомыя ў літаратурных колах пісьменнікі як Алесь Марціновіч, Віктар Гардзей, Аляксандр Хазянін.

ІІ вядучы: На яшчэ адну адметную рысу яго творчасці хочацца звярнуць асаблівую ўвагу. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што бадай у кожным сваім творы прысутнічае сам аўтар, як адна з дзеючых асоб.

І вядучы: Падглядзеўшы ў жыцця нязначныя выпадковасці: карцінку-абразок, факт або группу фактаў, што кранулі сэрца ўражлівага чалавека, ён, здольны да абагульнення, стварае займальныя і памятныя сюжэты, якія надоўга западаюць у нашу ўдзячную памяць.

Чытальнік:

Тваё каханне – поўня, а не сонца,

Яно не асвятляе, не пячэ,

Яго святло ў душу маю цячэ

І напаўняе радасцю бясконцай.

Яно не парушае мой спакой,

Мой розум не высушвае знямогай,

Цячэ праз лёс мой ціхаю ракой,

У месячным святле прамой дарогай.

ІІ вядучы: У кожнай з кніг Янкі Галубовіча: “Зязюля дзетак шукала”, “Янотавы абяцанкі”, “Чаму мядзведзь бярозавіка не любіць”, “Пяюць жаваранкі”, “У бары на світанку”, “Гронка каліны” ды іншых, – напісаных душэўна, шчыра і пранікнёна – вялікі павучальны

патэнцыял.

І вядучы: У творчым спісе празаіка ёсць творы рознажанравыя – гэта і дэтэктыўныя аповесці “Стрэл за дзвярыма”, “Вяселля не будзе”, што былі выдадзены ў выдавецтвах друкарні “Перамога” і “Парадокс” і псіхалагічна-дакладныя апавяданні, што ўвашлі ў зборнік “Пяюць жаваранкі”. А ёсць жа яшчэ сваеасаблівы каляндар прыроды, што выйшаў пад красамоўнай назвай “Ад студзеня да студзеня”.

ІІ вядучы: У сваіх творах аўтар заўсёды выступае як добры сябар, суразмоўца, спагадлівы і шчыры таварыш. У яго казках, анімалістычных апавяданнях вельмі да месца, без залішняга акцэнту і маралізатарства прыводзяцца правераныя стагоддзямі народныя прыкметы: салавей спявае ноччу ў час дажджу – будзе цёплы сонечны дзень; вясенні дзень год корміць; хто халадку шукае, той узімку галадае; хто стараецца, той і мае; у хараства вады не нап’ешся…

І вядучы: Пісьменнік умее здзіўляцца сам, парадавацца незвычайнаму ў жыцці і гэтыя свае пачуцці перадаць свайму чытачу.

ІІ вядучы: Вобразна, метафарычна, кароткай ёмістай і дакладнай фразай умее пісьменнік намаляваць запамінальную “карцінку-абразок” з жыцця прыроды ці чалавека, якія потым застаюцца ў душы маленькага чалавека, становяцца сэнсам яго жыцця.

І вядучы: Бо ўся творчасць Янкі Галубовіча была скіравана на фарміраванне і ўзвышэнне Чалавека-Асобы. Сам светлай і шчырай душы пісьменнік хацеў, каб і на чытача яго творы аказвалі такі самы дабратворна-светлы ўплыў і ўздзеянне. І ў шмат чым яму гэта ўдалося.

ІІ вядучы: А сваё творчае крэда ён сфармуляваў у час аднаго з інтэрв’ю, якое даў незадоўга да сваёй заўчаснай смерці: “Хацелася б, каб дарослыя чыталі мае кнігі сваім хлопчыкам і дзяўчынкам. І нешта з імі пад час такіх чытанняў абмяркоўвалі, нешта тлумачылі

ім, акцэнтуючы ўвагу на такія чалавечыя якасці, як сумленнасць, прыстойнасць, сціпласць, вучылі іх умець слухаць і чуць іншага чалавека, выклікаючы тым самым любоў да бліжняга, да роднага краю, напаўняючы іх маладзенькія душы пазітыўнымі эмоцыямі…”

І вядучы: Прайшло шмат гадоў са дня смерці Янкі Галубовіча, а памер ён 19 снежня 2014 года і пахаваны ў в.Дубрава на Маладзечаншчыне, а яго кнігі жывуць сярод сваіх чытачоў і вучаць дабру, праўдзе і справядлівасці, што так было характэрна для ўсёй творчасці пісьменніка.

Чытальнік:

Паглядзі – які цудоўны гэты свет!

Паглядзі – іскрынкі росныя ў траве.

Паглядзі – бяздоннае неба, россып зор,

А на лугах – травяна-кветкавы ўзор,

Паглядзі – як светла ў лесе ад бяроз…

Вось гэты цуд табе і мне даруе лёс.


М. КАЗЛОЎСКІ, супрацоўнік аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК “Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча”

Крыжаванка “Прарода і жывёлы”

Пытанні:

Па гарызанталі: 3. Нос замёрз, змерзлі вушы, да нас прыйшоў ... траскучы. 4. Хоць малы ён, часам з кулак, але ў руку не возьмеш ніяк. 6. Зялёная, пухнатая на свята да нас прыйшла? 7. Як называецца смала сасны? 9. Беленькі ствол, зялёныя косы. Кудзеркі раскінула, звесіўшы завушніцы. 11. З зямлі прабіваецца і далей цячэ? 12. У поле зялёным круг блакітны. Варушыцца, плешчацца, на поле не выліваецца?

Па вертыкалі: 1. Белы, як цукар, з неба ляціць. Ног не мае, на зямлю спяшаецца. 2. Рук многа, а нага адна. 5. Якая птушка падкідвае свае яйка іншым птушкам? 8. Дрэва, з якога плялі абутак 10. Без рук, без ног, без голасу. Ляціць-бяжыць, як птушка?


Адказы:

Народныя прыкметы:

Устаўце прапушчаныя словы: Ліпень, балоціць,  лютым, урадлівы, Лістапад, матачка, чарніцы, Сакавік, сонца, дажджлівае, сушыць, гром.

Адказы:

Зіма – свякруха, лета – матачка.

Віхры і мяцелі ў лютым наляцелі.

Сакавік часам снегам сее, а часам сонцам грэе.

Красавік сушыць – нічога з зямлі не рушыць.

Май дажджлівы – год урадлівы.

Благое лета, калі сонца нету.

Ліпень пякучы, але даручы.

Паспелі чарніцы – і жыта гатова да жніва.

Вераснёўскі гром абяцае цёплую восень.

Кастрычнік землю балоціць, а лес дык залоціць.

Лістапад зіме дзверы адчыняе.

Табліца “Лес”

Напішыце назвы раслін і жывёл на рускай і беларускай мовах

Адказы:

Літаратурная гульня-квэст «Хто рукавічку згубіў», прысвечаная творчасці Янкі Галубовіча у рамках праекта «Пісьменнікі-ўраджэнцы роднага краю»

 

У памяшканні бібліятэкі загадзя разложаны цацкі ў выглядзе жывёл, якія ёсць у творах Я.Галубовіча і якія па меры праходжання квеста знаходзяць дзеці.

 

Добры дзень, дзеці! Сёння мы пазнаёмімся з творчасцю маладзечанскага пісьменніка Янкі Галубовіча.

 

Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Пранчэйкава Маладзечанскага раёна. Ён вельмі любіў дзяцей і любіў пісаць для іх кніжкі аб прыгажосці прыроды роднага краю. І кніжкі ў яго атрымліваліся вельмі цікавыя. Аўтар любіў назіраць за жывёламі, дрэвамі і кветкамі і ўдала апісваў усё тое, што заўважаў. У апавяданнях Янкі Галубовіча жывуць птушкі, лясныя звяры і свойскія жывёлы.

 

Янка Галубовіч з цеплынёй пісаў аб тым, што добра ведаў, што ўбачыў на свае вочы. У сваіх творах ён раскрывае юным чытачам таямніцы лесу, вучыць, як дапамагчы звярам і птушкам у бядзе.

 

Першая кніга расказаў і казак Янкі Галубовіча – кніга апавяданняў «Зязюля дзетак шукала» . Яны пра тое, як хлопчык Сцяпанка выратаваў ад голада вераб’я, пра дзікага кабана Яшку, якога дзеці аднялі ў каршуна, і пра многае іншае.

 

А зараз, дзеці, пагуляем. Выканайце ўсе мае заданні і знайдзіце «Хто рукавічку згубіў?». Мы пройдзем па слядах звяроў, якія жывуць у творах Янкі Галубовіча. Яны пахаваліся ад страшнага драпежніка.

 

Добры павучок дапамог нам, сплёў павуцінку, якая і дапаможа нам.(На падлозе ляжыць заблытаная нітка, на ёй ў пэўным парадку разложаны сляды розных жывёл, якія знаходзяць дзеці і адгадваюць каму належыць след).

 

А хто тут у нас просіць аб дапамозе? Адгадайце загадку і вызваліце ​​звера.

 

Ён калматы, буры, мажны,

ходзіць пушчаю паважна.

Праз гушчар – кульгець-кульгець.

Як завуць яго?….     (Мядзведзь)

 

Дзе тут схаваўся мядзведзь? Малайцы, знайшлі мядзведзя. А зараз адкажыце, як завецца хатка мядзведзя, дзе ён спіць узімку? (бярлога).

Мядзведзь жыве ў казках і апавяданнях Янкі Галубовіча «Чаму мядзведзь бярозавіка не любіць».

 

 

Слухайце наступную загадку:

Хоць малы ён, часам з кулак,

але ў рукі не возьмеш ніяк. (Вожык)

Знайдзіце вожыка. Вось ён.

Як вы думаеце, чаму мама не выпускала маленькіх вожыкаў, пакуль не выраслі іголкі? (Без іголак яны безабаронныя, лёгкая здабыча).

 

А чаму вожыкаў называюць начнымі паляўнічымі? (Таму што яны палююць, уначы).

Ведаеце, што вожыкі любяць есці? (змей, птушыныя яйкі, конікаў, яблыкі і грушы, смаўжоў, пчол, чарвякоў, земляныя карэньчыкі, ягадкі, яшчарак, мышэй).

 

Наступная загадка:

Крадзе нясушак, яйкi і гонiцца за зайкам.

Вось дык хiтрая краса. Быццам полымя ... (Ліса). Шукаем лісу.

 

У казках ліса часта наведваецца на птушыны двор. А навошта? (Для таго, каб паласавацца хатняй птушкай).

А якіх хатніх птушак вы ведаеце? (Куры, качкі, гусі, індыкі).

Давайце ўспомнім, як называюцца іх дзеткі:

у курыцы – … (кураняты),

у качкі – … (качаняты),

у гускі – … (гусяняты),

у індычкі – … (індычаняты).

А ці ведаеце вы, як называецца лісіны дом? (нара).

Нару лісіца рые сярод камянёў, каранёў дрэў або ў расколінах скал. Яна любіць займаць чужыя норы. І асабліва падабаецца ёй нара барсука.

 

А зараз намалюем лісіцу. Падумайце, чым будзе займацца лісіца на вашым малюнку. Можа, вы намалюеце, як ліса палюе, ці корміць лісянят, ці ідзе па беразе ракі ў пошуках рыбы, а можа рые нару.

 

Наступнае заданне: адкажыце, як завецца дзіця пэўнай жывёлы:

лісіцы – … (лісяня),

зайца – … (зайчаня),

ваўка – … (ваўчаня),

мядзведзя – …(мядзведзяня),

у рысі – … (рысяня),

у вавёркі – … (ваверчаня),

у кабана – … (парася),

у лася – … (ласяня),

у зубра – … (зубраня).

 

 

Загадка:

Мае ён касыя вочы,

Да капусты так ахвочы!

Футра на зіму бялее,

Хуценька ўцякаць умее. (Заяц.)

 

На дошцы намаляваны вушы (вушы зайца).

Давайце дамалюем звера. Малайцы. Прыгожы атрымаўся заяц. 

 

Наступная загадка.

Маленькі шарык пад лаўкай шарыць. (Мыш).

 

Мышкі жывуць не толькі ў дамах, а дзе яшчэ? (у лесе, у полі). А хто галоўныя ворагі мышэй, хто на іх палюе? (ліса, сава, пугач).

 

У кніжках Янкі Галубовіча жывуць не толькі лясныя звяры, але і свойскія жывёлы. Давайце назавем іх. (Карова, конь, каза, сабака, кот…).

 

Касматы, вусаты, есці пачынае – песенькі спявае. Хто гэта? (Кот). Дзе схаваўся кот? Знайшлі.

 

Маленькі і пацешны,

Ён выглядае смешна.

Ды гонару замнога:

Забрэша на любога. Хто гэта? (Сабака)

А скажыце, што сабака робіць са сваім хвастом, калі радуецца? (віляе).

 

А пра каго гэта загадка:

 

Носіць ён крутыя рожкі.

У яго капыткі-ножкі.

Цёплы воўняны кафтан.

«Бэ-э» нам скажа хто? (Баран). Давайце знойдзем барана.

 

Вавёркі, барсукі, зайчыкі, кажаны, снегіры, курапаткі, зелянушкі, сінічкі, мурашы, стракозы – героі апавяданняў і казак для дзяцей Янкі Галубовіча «Дзівосы роднай прыроды». (Паказаць кнігу)

 

Дом пабудаваны над вадой

На галінцы маладой.

Галінка ледзь згінаецца,

Гняздзечка калыхаецца. (Птушка «Рэмез»).

 

А зараз давайце прачытаем казку Янкі Галубовіча пра «Хто рукавічку згубіў» пра гэту птушку.

Поле цудаў па творах Івана Галубовіча (Янкі Баравога) “Вавёркі, зайкі і лісіцы”

 

Мэта: зацікавіць дзяцей творамі І.Галубовіча праз гульню

Афармленне і абсталяванне: выстава кніг пісьменніка, лісты і маркер, барабан, дзве шкатулкі, сувеніры і салодкія прызы, дарослы памочнік.

Ход гульні:

1. Уступнае слова бібліятэкара;

2. Тлумачэнне правілаў гульні;

3. Гульня "Поле цудаў".


Першы тур

Задача 1. Выбраць удзельнікаў гульні (Умова - адгадаць загадкі )

1. Часам я пасланнік, таксама сімвал міру, у парках ці садах вы можаце знайсці мяне (голуб)

2. Я не падобны, але я рыба, і мая форма выражае шахматную фігуру (марскі канёк)

3. У мяне няма вачэй, вушэй і ног, і вы ніколі не даведаецеся, іду я назад ці наперад (чарвяк)

Задача 2. Вызначыць фіналіста.

Якая птушка ў казцы І.Галубовіча шукала па лесе сваіх дзетак, ды так і не знайшла?

зязюля


Другі тур

1. Грызці - мая праца, а кот заўсёды будзе маім самым страшным ворагам. Хто я? (мышка)

2. Я чырвоная, як рубін, і ў мяне маленькія чорныя плямы на спіне, я ў садзе або ў траве (божая кароўка)

3. У мяне выдатная памяць, тонкі нюх, цвёрдая скура і самы вялікі нос ў свеце (слон) У адным з апавяданняў І.Галубовіча ў лазню залез дзікі драпежны звер. Які?

рысь

Трэці тур

1. Мяне завуць Леа, але я не леў. Хто я? (леапард)

2. Я - зорка, але ў мяне няма святла? (марская зорка)

3. Я заўсёды апранаю смокінг, і прызнаюся, што зусім не ўмею лётаць (пінгвін)

Які лясны звярок у казцы І.Галубовіча “Лясная лекарка” быў доктарам? 

вавёрка


Фінал

Якое імя было ў малога вожычка ў апавяданні “Як непаседа … заблудзіўся”?

ПРАКОП

Супергульня

Што называў дзед Ігнась у аднайменным апавяданні “Жывы барометр”

ПРЫРОДА

 Рэфлексія


Пасля гульні ўсім удзельнікам раздаюцца сувеніры і салодкія прызы