У рамках XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі 13 чэрвеня супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча” арганізавалі мабільную пляцоўку «Паэтычны экспрэс”. Па вуліцы Вялікі Гасцінец ад прыпынку “Белпошта” да прыпынку “Палац Культуры” курсіраваў незвычайны бібліобус. Гасцей фестывалю запрашалі прыняць удзел у літаратурнай віктарыне “Там, дзе Уша серабрыцца”, у якой трэба было па ўрыуку з верша і па фотаздымку вызначыць мясцовага паэта альбо паэтку. За правільны адказ удзельнікі атрымоўвалі невялікі сувенір – закладку для кніжак і сцяжок з лагатыпам фестывалю.
У кожнага удзельніка была магчымасць азнаёміцца з кнігамі, у якіх ёсць аўтографы і пажаданні ад беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія бібліятэка атрымала ў падарунак ад гэтых аўтараў. А каб госці не сумавалі, каля бібліобуса гучалі песні сучасных выканаўцаў на вершы вядомых беларускіх паэтаў.
Акрамя гэтага, кожны удзельнік атрымліваў запрашэнне на наступны дзень на шэраг мерапрыемстваў: творчую імпрэзу з удзелам паэтаў Мінскага гарадскога і абласных аддзяленняў ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” “Паэтычнае сугучча Беларусі”; сумесны праект ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Літаратурны Алімп Беларусі”; паэтычныя чытанні прадстаўнікоў ГА“Саюз пісьменнікаў Беларусі”.


Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.