23 мая члены клуба “Кніжны гурман” наведалі філіал Літаратурнага музея “Фальварак Ракуцёўшчына”, дзе далучыліся да ўшанавання памяці Максіма Багдановіча.
Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства папрысутнічалі на ўскладанні кветак каля помніка паэта, затым сустрэліся з вядомымі людзьмі і пісьменнікамі, якія таксама прыехалі ўшанаваць памяць Максіма Багдановіча. Яны чыталі вершы, паведалі шмат малавядомых і цікавых фактаў з жыцця і творчасці паэта.
У выкананні настаўнікаў Красненскай дзіцячай школы мастацтваў гучалі ўсім вядомыя мелодыі: “Лявоніха”, “Зорка Венера”, а таксама “Люблю наш край, старонку гэту…” і “Жураўлі на Палессе ляцяць”. З вуснаў навучэнцаў Красненскай сярэдняй школы урачыста і выразна прагучалі вершы Максіма Багдановіча: “Маёвая песня”, “Зорка Венера”, “Санэт”, “Слуцкія ткачыхі”, Вераніка”, “Страцім-лебедзь”.
Пасля для гасцей правялі аглядную экскурсію па фальварку. Загадчыца музея Шчэрбач Любоў Іванаўна прапанавала гасцям пазнаёміцца з “дамком арандатара”, дзе жыў паэт, з домам гаспадара, дзе былі ўзноўлены інтэр’еры гасцёўні, кухні, створаны дзіцячы пакой.
А уявіць тагачаснае жыццё беларусаў, “поўнае штодзённага клопату”, было магчыма наведаўшы гумно, якое раней выкарыстоўвалася для захавання і сушкі снапоў, іх абмалоту. Усе маглі не толькі азнаёміцца з экспанатамі, але і зрабіць фотаздымкі на памяць.
Шпацыруючы па мясцовасці, госці наведалі старажытную крыніцу, якая была названа імем паэта. Знаходзіцца яна на тэрыторыі маляўнічага старога лесу, яе вада застаецца крышталёва чыстай. Над крыніцай, працягласць якой складае ўсяго некалькі метраў, абсталяваны зруб з падстрэшкам. Не лішнім будзе сказаць, што крыніца Багдановіча ўваходзіць у лік важнейшых гідралагічных помнікаў Беларусі.
Вярталіся дадому члены клуба “Кніжны гурман” задаволенымі. Вынік паездкі – вялізная колькасць станоўчых эмоцый, выдатны настрой і багаж новых ведаў пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.