“Кружэлка памяці маёй”

размещено в: Новости | 0

Патэфон, прайгравальнік, выстава кружэлак, забытыя мелодыі, якія вяртаюць у маладосць – вечарына “Кружэлка памяці маёй” адбылася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча. Актыўныя чытачы бібліятэкі, удзельнікі клуба “Кніжны гурман” не проста слухалі любімыя песні савецкіх часоў, на якіх вырасла некалькі пакаленняў.

Бібліятэкары пазнаёмілі сваіх гасцей з гісторыяй узнікнення пласцінак, якая бярэ пачатак яшчэ ў XIX стагоддзі,падрыхтавалі для ўдзельнікаў цікавыя музычныя конкурсы. Госці даведаліся, да прыкладу, што Энрыка Каруза быў першым спеваком, які запісаў свой рэпертуар на пласцінку.

Не менш пазнавальнай была прапанова адгадаць песні і выканаўцаў са старых пласцінак, якія гучалі на прайгравальніку. Цэлую выставу рарытэтаў сабралі бібліятэкары, а самы стары – вінілавы дыск 1960 года. Гучалі і “жывыя” мелодыі ў выкананні музыканта, даўняга чытача бібліятэкі Авеніра Дудко. Для конкурсу ён падрыхтаваў урыўкі мелодый вядомых даваенных, ваенных і лірычных песень. Чытачы падпявалі і, успаміналі словы, моманты з жыцця, звязаныя з імі. Найбольшую колькасць балаў па выніках музычных конкурсаў набрала сямейная каманда Ніны і Сяргея Каняевых.

Мерапрыемства праходзіла ў нязмушанай абстаноўцы, за кубкам гарбаты, з хатняй выпечкай. Бібліятэкары сумелі стварыць утульнасць і святочны настрой. Адчувалася, што чытачы былі рады гэтай сустрэчы, якая праходзіла ў рамках праекту “Сярэбраная ніць”.

 

Оставить ответ