Краязнаўчы семінар

размещено в: Новости | 0

У апошнія дні мая адбыўся сумесны двухдзённы міжрэгіянальны семінар бібліятэчных работнікаў на базе ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка” і ДУК “Маладзечненская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча” па тэме “Краязнаўчая дзейнасць бібліятэк як аснова гістарычнага і патрыятычнага выхавання”. Семінар аб’яднаў у сабе і абмен вопытам краязнаўчых напрацовак паміж прафесіяналамі, і папаўненне іх уласных ведаў аб знакавых месцах раёнаў.

29 мая супрацоўнікі маладзечанскіх бібліятэк наведалі Астравец. Калегі з астравецкіх бібліятэк расказалі аб рабоце па краязнаўству, паказалі свае напрацоўкі. Цікава было паглядзець, як працуюць раённая і дзіцячая бібліятэкі, Міхалішкаўская сельская бібліятэка, Рымдзюнскі сельскі клуб-бібліятэка. Дырэктар бібліятэчнай установы культуры Ачарэтава Наталля Уладзіміраўна ў сваім выступленні поўна і яскрава раскрыла метады і прыёмы бібліятэчнай працы па краязнаўству, якое прадугледжвае шырокі спектр напрамкаў.

У межах семінара ўдзельнікі наведалі таксама адметныя мясціны астравеччыны: касцёл святога Міхаіла Арханёла ў аг.Міхалішкі, касцёл Святой Троіцы ў аг.Гервяты, інфармацыйны цэнтр РУП “Беларуская атамная электрастанцыя”.

31 мая бібліятэкары астравецкіх бібліятэк наведалі маладзечаншчыну. Дырэктар бібліяткі Наталля Міхайлаўна Меднікава прадставіла краязнаўчыя праекты, якія рэалізуюцца публічнымі бібліятэкамі раёна, распавяла аб бібліятэчных мерапрыемствах, накіраваных на выхаванне любові да роднага краю, папулярызацыю творчасці маладзечанскіх пісьменнікаў, даследчую працу. Запрошаны на мерапрыемства пісьменнік і краязнавец Міхась Міхасевіч Казлоўскі цікава і змястоўна пазнаёміў гасцей з гісторыяй Маладзечна, правёў невялікую аўтамабільную экскурсію па горадзе.

Супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, сельскай бібліятэкі-філіяла пасёлка Чысць, гарпасялковай бібліятэкі-філіяла г.п.Радашковічы ахвотна дзяліліся вопытам работы па краязнаўству. А бібліятэкар гарпасялковай бібліятэкі-філіяла Алена Нядвецкая яшчэ і правяла цікавую экскурсію па Радашковічах.

У рамках семінара бібліятэкары наведалі славутыя літаратурныя мясціны маладзечаншчыны – філіял “Вязынка” Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і “Фальварак Ракуцёўшчына”, філіял музея М.Багдановіча.

Пры падвядзенні вынікаў было адзначана, што галоўнымі задачамі краязнаўчай работы бібліятэк з’яўляюцца захаванне культурнай спадчыны, назапашванне інфармацыі, вывучэнне і распаўсюджванне вопыту работы па краязнаўству.

Семінар прайшоў насычана і плённа. Бібліятэчныя спецыялісты атрымалі новы багаж ведаў і свежыя ідэі, каб прымяняць іх у працы.

 

Оставить ответ