Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ

Капыловіч Мікалай Фаміч

Мікола Капыловіч (10.07.1937 – 24.02.2000), пісьменнік. Нарадзіўся ў в. Астражанка Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Астражанскую сярэднюю школу (1956), працаваў загадчыкам сельскага клуба, інструктарам Лельчыцкага райкама камсамола. У 1958 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На апошнім курсе ўніверсітэта сумяшчаў працу рэдактара Беларускага радыё, ў якасці рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач, з вучобай. Працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне, літаратурным сакратаром у газеце “Звязда”, рэдактарам у Дзяржаўным камітэце Савета Міністраў па друку, рэдактарам у выдавецтвах “Беларусь”, “Навука і тэхніка”, “Мастацкая літаратура”, загадчыкам аддзела пісьмаў газеты “Маяк Палесся” Брагінскага раёна. З 1983 года жыў у Маладзечне. Пахаваны на могілках у Лазаўцы.
У друку выступаў з 1960 года. Пісаў пад уласным прозвішчам і псеўданімамі Мікола Астражанскі, Мікола Капыл, Мікола Корч ды іншымі. Аўтар зборнікаў прозы “Скрозь жывуць людзі” (1968), “Засада” (1979), “Дні ціхай восені” (1981) ды інш. У Маладзечне ім была напісана кніга “Чужы сваяк”, цыкл папулярных апавяданняў-замалёвак “Запіскі начнога мэра”, раман пра цяперашні час.

Капыловіч, М. Дні ціхай восені: Апавяданні. – Мн.: Маст. Літ., 1981. – 256 с., іл.

Апавяданні, што склалі гэты зборнік, розныя па тэмам і жыццёвых сітуацыях, прасякнуты любоўю да людзей, увага да іх душэўнага свету, трывожным роздумам пісьменніка над складаным лёсам герояў.

Капыловіч, М. Засада: Аповесці. [Для дзяцей сярэдн. Школ. Узросту / Маст. Л. Марчанка]. – Мп.: Маст. Літ., 1979. – 176 с., іл.

«Засада» – так назваў сваю новую кніжку прозы пісьменнік Мікола Капыловіч, аб’яднаўшы пад гэтай назвай дзве аповесці: «Засада» і «Міцька, Валік і я». Аповесці розныя па тэме – у першай аўтар малюе лес і яго жыхароў, другая – перагортвае яшчэ адну старонку Вялікай Айчыннай вайны.

Капыловіч, М. Чужы сваяк: Аповесці і апавяданні. – Мн.: Маст. Літ., 1987. – 189 с.: іл.

Герой аповесці «Чужы сваяк» – чалавек, які перанёс на сабе згубнае ўздзеянне «зялёнага змія» і даўно страціў сям’ю, дзе некалі яго паважалі і любілі. Ён едзе ў горад, дзе, здавалася, яго чакаюць. Але ў жонкі ўжо новы муж, ў дзяцей – бацька. Многае не вярнуць, ды нё ўсё яшча страчана… Аповесць «Былі б рукі..» і апавяданні прысвечаны людзям розных прафесій горада і вёскі. У творах узнімаюцца вострыя маральна-этычныя праблемы.

Скрозь жывуць людзі: апавяданні / Мікола Капыловіч. – Мінск : Беларусь, 1968. – 100, [2] с.


Першы зборнік апавяданняў М. Капыловіча «Скрозь жывуць людзі» выйшаў у 1968 г. У ім выявіўся адметны стыль пісьменніка, галоўныя складальнікі якога – лаканізм выяўленчых і лексічных прыёмаў і сродкаў, стрымана-лірычная танальнасць, моцны суб’ектыўны пачатак. У кнігу ўключаны апавяданні «Сірата», «У ружовым тумане», «Птушыны бацька», «Па хлеб» і іншыя, у якіх расказваецца пра дзяцінства, на долю якога выпала перажыць жудасныя жахі вайны, зведаць сіроцтва і нішчымніцу. Праз яркія і выразныя ўспаміны-эпізоды аўтар раскрывае духоўны свет свайго маленькага героя, дакладна перадае няпростыя душэўныя зносіны дзяцінства з дарослым светам.