Канферэнцыя “Сейбіт праўды і веры”

размещено в: Новости | 0

Чатырнаццатая навукова-краязнаўчая канферэнцыя “Сейбіт праўды і веры” прысвячалася памяці беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, выдаўца, публіцыста Аляксандра Уласава.

Па даўняй традыцыі распачаў пасяджэнне член Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп, які прачытаў “Баладу Аляксандру Уласаву”. З постацю Аляксандра Уласава, адлюстраванай у рарытэтах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы пазнаёміў прысутных яго вядучы навуковы супрацоўнік Павел Каралёў. Кандыдат гістарычных навук, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” Мікола Трус падрыхтаваў даклад “Шляхамі вяртання. Аляксандр Уласаў ва ўспамінах сучаснікаў”. Вялікую цікавасць выклікала тэма “Аляксандр Уласаў – чалавек-міф беларускага адраджэння”, якую прапанавала член Саюза беларускіх пісьменнікаў, супрацоўніца газеты “Звязда” Людміла Рублеўская.

Пра дзейнасць Аляксандра Уласава па арганізацыйным станаўленні першай беларускай газеты “Наша Ніва” распавёў прысутным кандыдат гістарычных навук Андрэй Унучак. З тэмай “Джон Віт – сябра Аляксандра Уласава і іншых беларусаў” выступіў член Саюза беларускіх пісьменнікаў, краязнаўца Сяргей Чыгрын, які закрануў і тэму арганізацыі Радашковічскай беларускай гімназіі. Пра дзейнасць Антона Грыневіча, паплечніка Аляксандра Мікітавіча на карысць нацыянальнага і культурнага адраджэння Беларусі вялася размова ў дакладзе кандыдата філалагічных навук, навуковага супрацоўніка НАН Беларусі Яніны Грыневіч.

У заключэнні сваімі ўспамінамі падзялілася Ніжанкоўская Ірына Уладзіславаўна, унучатая пляменніца Аляксандра Уласава.

 

 

 

 

Оставить ответ