Канферэнцыя “З верай у Беларусь”

размещено в: Новости | 0

28 красавіка у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла пятнаццатая навукова-краязнаўчая канферэнцыя, якая называлася “З верай у Беларусь” і прысвячалася 130-годдзю Адама Cтанкевіча, святара пісьменніка і грамадскага дзеяча.

У пачатку канферэнцыі з постаццю ксяндза Адама Станкевіча прысутных пазнаёміў супрацоўнік бібліятэкі, краязнавец Міхась Казлоўскі. Алесь Горны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы расказаў аб жыцці і поглядах сябра Адама станкевіча Дамініка Аніські.

З выданнямі Адама Станкевіча ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы пазнаёміў прысутных яго вядучы навуковы супрацоўнік Павел Каралёў. Аб родавых і сваяцкіх сувязях Адама Станкевіча апавядаў дацэнт, кандыдат культуралогіі з Гродна Янка Трацяк. Пісьменнік і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын расказаў аб перыядзе слонімскай ссылкі ксяндза Адама Станкевіча.

Даклад “Імя Адама Станкевіча ў архіўным фондзе Беларускага музея імя Івана Луцкевіча” падрыхтавала дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (Мінск) Ганна Запартыка.

Свае даклады таксама даслалі: “Чалавек прадвесня: біскуп Стафан Дзенісевіч (1836 – 1913) – Сяргей Астанковіч, краязнаўца з Крычава; “Справа збірання беларускага фальклору на старонках газеты “Крыніца” – Яніна Грыневіч, кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (Мінск); “Беларуская мова ў рэлігійным жыцці беларусаў-каталікоў у 1917 г. “(паводле матэрыялаў ксяндза А. Станкевіча) – Андрэй Унучак, кандыдат гістарычных навук (Мінск); “Па родных мясцінах Адама Станкевіча” – Уладзімір Прыхач, краязнаўца з Смаргоні; “Штрыхі да біяграфіі Адама Станкевіча: пастыра, настаўніка, беларуса” – Людміла Рублеўская, пісьменніца, супрацоўніца газеты “Звязда” (Мінск). Па даўняй традыцыі член Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп напісаў баладу ксяндза Адама Станкевіча.

Оставить ответ