Калейдаскоп восеньскіх сюжэтаў

размещено в: Новости | 0

У 38 кіламетрах на паўночны захад ад Мінска, у маляўнічым куточку беларускай зямлі, знаходзіцца Вязынка, радзіма народнага паэта Беларусі – Янкі Купалы. Менавіта туды 16 кастрычніка, у рамках інфармацыйна-пазнавальнай праграмы “Калейдаскоп восеньскіх сюжэтаў”, наведаліся супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча разам з членамі клуба “Кніжны гурман”.

Спачатку госці пабывалі каля помніка паэта, прачыталі радкі з яго верша, выбітыя на пліце, ўспомнілі іншыя творы аўтара. Затым члены клуба адправіліся ў музей. Наведаўшы першую палову дома, прысутныя ўбачылі гісторыка-літаратурную экспазіцыю аб дзяцінстве і юнацтве будучага паэта, у якой захоўваюцца аўтабіяграфічныя матэрыялы, кнігі, рукапісы, фатаграфіі і нават радавод сям’і Луцэвічаў да XVII стагоддзя, які быў адноўлены Ануфрыем — дзедам паэта, звярнулі ўвагу на герб роду Луцэвічаў – “Навіна”. Вельмі зацікавіў членаў клуба куфэрак, у якім знаходзілася не адзенне, а … сапраўдны тэлевізар, з дапамогай якога экскурсавод паказала, як праходзіць у Вязынцы свята Купалле, а яшчэ наведвальнікі праслухалі знакаміты твор Янкі Купалы – “Я буду маліцца” у выкананні Уладзіміра Мулявіна.

У другой палове дома-музея члены клуба ўбачылі інтэр’ер сялянскай хаты канца XIX стагоддзя. У пакоі ўсё зроблена так, як было ў тыя гады, калі тут жыла маладая сям’я Луцэвічаў. Старадаўняя мэбля, вялікая печ, посуд, дзіцячы вазок і нават хадункі – побыт маладой сям’і адноўлены да дробязяў.

Па заканчэнні экскурсіі ў музеі можна было набыць невялічкія сувеніры на памяць. Вярталіся дадому члены клуба “Кніжны гурман” задаволенымі і ўзбагаціўшымі свае веды аб народным паэце Беларусі.

Оставить ответ