Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ
Кароткая біяграфічная даведка
Казлоўскі Міхась (Міхаіл Міхайлавіч). Грамадскі дзеяч, публіцыст, рэдактар, выдавец.
Нарадзіўся 09.02.1960 г. у в. Рабінавая Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. З маладых гадоў застаўся сіратой. Працаваў на заводзе, служыў у Савецкай арміі. Быў навуковым супрацоўнікам Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея, кіраўніком клуба ў Цэнтры эстэтычнага выхавання г. Маладзечна. З 2000 г. – супрацоўнік аддзела маркетынга Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
З юначых гадоў актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Заснавальнік клуба беларускай патрыятычнай моладзі “Беларуская хатка” (1982-1987), мастацкай гасцёўні Язэпа Драздовіча(1984), першага ў свеце літаратурнага музея Уладзіміра Караткевіча (1985). З’яўляўся адным са стваральнікаў гісторыка-краязнаўчага аб’яднання “Крывіч” (1987-1990), быў арганізатарам і першым старшынёй Маладзечанскага аддзялення Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны (1989), рэдактарам насценнай гісторыка-літаратурнай газеты “Беларусь”(выйшла 32 нумары), якая выдавалася на працягу 1982-1987 гг. у Маладзечне. Супольна з мастаком Ю.Герасіменка-Жызнеўскім выпусціў у свет 2 значкі, прысвечаныя Я.Драздовічу і У.Караткевічу.
Вядомы як краязнавец, выдавец, кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Купалінка”, якое працуе пры “Маладзечанскай газеце”. Прымаў удзел у напісанні раздзелаў для кніг “Памяць” Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў, Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, Беларускай энцыклапедыі ў 18-ці тамах, “Энцыклапедыі Мінскай вобласці”. Адшукаў, падрыхтаваў да друку і ўпершыню апублікаваў у часопісе “Куфэрак Віленшчыны” (1(9)/2004) дзённік кс. Адама Станкевіча “Каляндарныя нататкі”. З’яўляецца адным з укладальнікаў кнігі Мікалая Шкялёнка “Беларусь і суседзі” (сумесна з А.Гесь і С.Чыгрыном, Беласток, 2003), Віктара Вальтара “Выбраныя творы” (сумесна з С.Панізнікам, Мінск, 2009), складальнікам і аўтарам прадмовы да кніг Алы Клемянок “Яны не ведалі мяне” (Маладзечна,1999), Генадзя Каханоўскага “Краснае значыць прыгожае” (Маладзечна, 2003), зборніка “Крывіцкія руны” (2003), Лідзіі Гардынец “Саламяны капялюшык” (Маладзечна, 2004), Івана Козела “Над хвалямі Серабранкі” (Маладзечна, 2005), Францішка Тэнчыка “Іванка” (Мінск, 2007), Рыгора Семашкевіча “Янка Купала і беларускае адраджэнне” (Маладзечна, 2012), Галіны Асіповіч “Голас далёкай маладосці” (Мінск, 2012), Язэпа Драздовіча “Праз церні да зорак” (2014), зборніка “Горад майго сэрца” (2014), зборніка “Там, дзе Уша серабрыцца: Маладзечаншчына літаратурная” (2015), Вольгі і Сяргея Сахаравых “Выбраныя творы” (2015), зборніка “Добры дух зямлі дняпроўскай” (2016), Юльяна Сергіевіча “За волю родных хат” (2018). Падрыхтаваў да друку і выдаў кнігі Хведара Ільяшэвіча “Творы” (Маладзечна, 2000), Ніла Гілевіча “Паланэз Агінскага” (Маладзечна, 2002), “Сказ пра залатое пёрка” (Маладзечна, 2005), “Ноч на Пакровы” (Мінск, 2008), Аляксандра Камінскага “Пад хвалямі Крэўскага мора” (Маладзечна, 2002), Уладзіміра Корзуна “Успаміны і роздум” (Маладзечна, 2004), Кастуся Харашэвіча “Зведанае і перажытае” (Маладзечна, 2004), “Партрэтная графіка: са збору Міхася Казлоўскага” (Мінск, 2008), чатыры аўтарскія і калектыўныя зборнікі прозы і паэзіі Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай. Укладальнік, аўтар прадмоваў і каментарыяў да анталогіяў літаратуры Маладзечаншчыны “Я тут бачу свой край” (Мінск, 2005), Смаргоншчыны – “Колькі ў небе зор…” (Мінск, 2009), Глыбоччыны – “Там, дзе возера Глыбокае” (Мінск, 2012). З’яўляецца аўтарам тэксту да фотаальбома “Маладзечанскі край” (Мінск, 2011). Стваральнік літаратурнага раздзела “Купалінка” у “Каломенскім альманаху”, які выходзіць ў Маскоўскай вобласці, аўтар гістарычна-краязнаўчага праекту “Падарожжа па роднай зямлі з Міхасём Казлоўскім”, што выходзіў два разы ў месяц у “Маладзечанскай газеце”. Ініцыятар правядзення мерапрыемстваў і ўкладальнік кніг “Матэрыялаў навукова-краязнаўчых канферэнцыяў”, прысвечаных Янку Купалу, Вацлаву Ластоўскаму, Генадзю Каханоўскаму, Уладзіміру Караткевічу, Максіму Багдановічу, Максіму Танку і Пятру Бітэлю, што выходзілі ў 2007-2012 гг. у Маладзечне. З’яўляецца ініцыятарам і выдаўцом 20 паштовак, якія прысвечаныя дзеячам беларускай культуры, сярод якіх: Я.Купала, В.Ластоўскі, А.Станкевіч, М.Каспяровіч, М.Ермаловіч, У.Караткевіч (два варыянты), М.Танк, Л.Геніюш У.Дубоўка, А.Гарун, У.Жылка, Я.Драздовіч, В.Захарка і іншыя.
Пад яго рэдакцыяй выйшлі 15 нумароў краязнаўчага дадатку “Куфэрак” да “Рэгіянальнай газеты”, 14 нумароў гісторыка-краязнаўчага і літаратурна-мастацкага часопіса “Куфэрак Віленшчыны”. У перыядычным друку выступае пад уласным прозвішчам і псеўданімамі Міхась Валькоўскі, Якуб Валянец, Язэп Рокаш, Янка Бабёр, Янка Быкоўскі, Наталля Плотава. Ягонаму пяру належаць шматлікія гісторыка-біяграфічныя нарысы, прысвечаныя станаўленню асветы на Віленшчыне, літаратурныя партрэты аб выдатных, але забытых дзеячах былой Заходняй Беларусі, а таксама рэцэнзіі і ўступныя прадмовы да кніг пісьменнікаў Віленскага рэгіёна. Друкуецца на старонках “Маладзечанскай газеты”, “Рэгіянальнай газеты”, “Літаратуры і мастацтва”, “Культуры”, “Бібліятэчнага свету”, “Бібліятэчнага весніку”, “Нашай веры”, “Куфэрка Віленшчыны”, гадавіка “Дзень паэзіі” ды іншых перыядычных выданняў. Аўтар кніг “Галасы разбуджаных птушак: гісторыка-біяграфічныя нарысы і літаратурныя партрэты” (Мінск, 2006), “Нашчадак слаўных крывічоў: эцюд да партрэта Адольфа Клімовіча, чалавека і грамадзяніна” (Мінск, 2008), “Пра кніжнікаў і кнігі: нататкі бібліяфіла” (Мінск, 2010), “Да кніжых скарбаў дакрануся…: нататкі бібліяфіла” (Мінск, 2011), “Бацькаўшчыны светлае крыло: артыкулы, эсэ, нататкі” (Мінск, 2013), “Цяпло айчынных камянёў: артыкулы, эсэ, нататкі” (Мінск, 2015). Жыве ў Маладзечне.
Казлоўскі, М.М. Галасы разбуджаных птушак [Тэкст] : гістарычна-бібліяграфічныя нарысы, роздумы над кнігамі, літаратурныя партрэты / Міхась Казлоўскі. – Мн.: Выдавец І.П.Логінаў, 2006. – 332,[2]с. Расказваецца аб гісторыі навучальных устаноў горада: Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, польскай гімназіі імя Тамаша Зана, Маладзечанскай гандлёвай школы, Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны. Прасочваецца лес слаўных, але забытых дзеячоў.
| |
Казлоўскі, М.М. Нашчадак слаўных крывічоў : эцюд да партрэта Адольфа Клімовіча, чалавека і грамадзяніна / Міхась Казлоўскі. – Мн.: Кнігазбор, 2008. – 158,[2]с.+[12].фота. Кніга расказвае пра грамадска-палітычнага дзеяча Заходняй Беларусі Адольфа Клімовіча. Адольф Клімовіч нарадзіўся ў 1900 г. у в. Казаноўшчына Свянцянскага павета Віленскай губерніі (цяпер Астравецкі раён Гарадзенскай вобласці), якая гістарычна была заўсёды звязана з мястэчкам Клюшчаны. Вучыўся ў Празе, большую частку жыцця пражыў у Вільні, пахаваны ў Клюшчанах. Быў адным з кіраўнікоў беларускай Хрысціянскай дэмакратыі і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У кнізе на падставе новых архіўных матэрыялаў паказана яго выключная роля ў стварэнні масавага беларускага незалежніцкага руху ў 20—30-я гады мінулага стагоддзя.
| |
Казлоўскі, М.М. Пра кніжнікаў і кнігі : нататкі бібліяфіла, эпісталярная спадчына / Міхась Казлоўскі. – Мн.: Кнігазбор, 2010. – 324,[2]с. У гэтай кнізе Міхася Казлоўскага распавядаецца пра бібліяфільства на Беларусі і пра бібліяфілаў. На думку аўтара, многія людзі, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё беларускага бібліяфільства, незаслужана забытыя. На яе старонках чытачы могуць знайсці невядомыя раней звесткі і факты з жыцця Вацлава Ластоўскага, Гальяша Леўчыка, Генрыха Татура, Мікалая Шчакаціхіна і інш. | |
Казлоўскі, М.М. Да кніжных скарбаў дакрануся… : нататкі бібліяфіла / Міхась Казлоўскі. – Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2011. – 376,[8]с. Бібліяфіл і краязнавец Міхась Казлоўскі дзеліцца ў кнізе працяглай гісторыяй сваёй любові да кніг, калі адлегласці і кепскае надвор’е не перашкода для апантанага чалавека. Апісаныя экслібрысы (кніжны знак, на якім пазначана імя ўладальніка і змешчаны малюнак ці герб), канвалюты (зборнікі, уключаныя ў агульны пераплёт па жаданні ўладальніка бібліятэкі з прычыны агульнай тэматыкі альбо для маскіроўкі забароненых выданняў), ілюстрацыі, старыя кнігі і часопісы падаюцца аўтарам як аб’екты ўнікальныя, але без залішняга пафасу. Кожная кніга, малюнак ці надпіс у ёй становяцца ключом да біяграфій дзясяткаў людзей і важнай дэталлю айчыннай гісторыі: хто спрыяў выданню, за чые грошы ажыццявілася, хто згенераваў ідэю, хто напісаў, хто зрабіў ілюстрацыі, хто збярог да нашага часу. І што з гэтымі людзьмі было потым. Пры такім падыходзе любая даўняя кніга становіцца ўвасабленнем гісторыі краіны. Міхась Казлоўскі распавёў не толькі гісторыю беларускага кнігавыдання, але і гісторыю беларускага бібліяфільства. Кніга поўніцца аповедамі пра ўнікальных людзей, якія жывуць недзе побач, аточаныя старымі выданнямі, гатовыя пра іх размаўляць гадзінамі. Міжрадковым пасланнем становіцца ўсведамленне вялікасці і духоўнай сілы: былі тыя таленты, што стварылі артэфакты культуры, і ёсць тыя захавальнікі, якія не патрабуюць нічога, абы толькі ім не перашкаджалі. | |
Казлоўскі, М.М. Бацькаўшчыны светлае крыло : артыкулы, эсэ, нататкі / Міхась Казлоўскі. – Мн.: Кнігазбор, 2013. – 171,[1]с.
У яго кнігу ўвайшлі эсэ, нататкі, ліставанні па тэмах гісторыі, краязнаўства і літаратуры роднага краю і яго жыхароў.
| |
Казлоўскі, М.М. Цяпло айчынных камянёў : артыкулы, эсэ, нататкі / Міхась Казлоўскі. – Мінск: Кнігазбор, 2015. – 182,[2]с. «Цяпло айчынных камянёў» – новая кніга беларускага краязнаўца, грамадскага дзеяча, публіцыста, супрацоўніка Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Багдановіча Міхася Казлоўскага. Кніга гэта свайго рода сціслы пераказ літаратурнай гісторыі Маладзечанскага края. Аўтар распавядае пра вуліцы і дамы Маладзечна і Радашковіч, што памятаюць крокі вядомых пісьменнікаў і мастакоў роднага краю, пра гісторыю і жыццё насельнікаў невялічкай заходнебеларускай вёскі, а таксама раскрывае літаратурныя партрэты знакамітых землякоў, такіх як Сяргей Прытыцкі, Генадзь Каханоўскі, Пятро Бітэль, Зміцер Крачкоўскі, Язэп Драздовіч і шмат іншых. У выданне ўключаны артыкулы, эсэ і нататкі. У хуткім часе кніга з’явіцца на паліцах крам, а таксама ў нашай бібліятэцы. | |
Казлоўскі, М.М. Пад сузор’ем веры і надзеі: [зборнік] / Міхась Казлоўскі. Кн. 1: Артыкулы, эсэ, літаратурныя партрэты – Мн.: Кнігазбор, 2021. – 422 с., [6] с. іл. : іл., партр. “Пад сузор’ем веры і надзеі” Міхася Казлоўскага – своеасаблівы даведнік пошукаў і знаходак, адкрыццяў і памяці пра забытых беларусаў, пра кнігі і падзеі. У першую кнігу (першы том) увайшлі артыкулы, эсэ, літаратурныя партрэты, аб’яднаныя ў раздзеле “Забытае рэха вяртаю”, а таксама раздзел ці фактычна асобная кніга “Нашчадак слаўных крывічоў: эцюд да партрэта Адольфа Клімовіча, чалавека і грамадзяніна”. | |
Казлоўскі, М.М. Пад сузор’ем веры і надзеі: [зборнік] / Міхась Казлоўскі . Кн. 2: Бібліяфільскія нататкі, старонкі ўспамінаў – Мн.: Кнігазбор, 2021. – 454с.,[6] л. іл., партр. : іл. Другую кнігу склалі бібліяфільскія нататкі “Да кніжных скарбаў дакрануся… ” і раздзел “Цяпло айчынных камянёў: старонкі мінулага”. Завяршае том адмысловае “Замест пасляслоўя” “Дыхнула ветрам дзён”, куды ўвайшлі вершы, прысвечаныя Міхасю Казлоўскаму. Іх аўтары — Ніл Гілевіч, Сяргей Панізнік, Васіль Жуковіч, Віктар Шніп, Станіслаў Валодзька, Алесь Квяткоўскі, Мар’ян Дукса, Галіна Асіповіч, Лідзія Гардынец, Ала Клемянок. |
Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ