Самыя цікаўныя людзі на Зямлі – гэта дзеці. Для іх паступова прыадчыняецца свет, яны пазнаюць сябе і ўсё наваколле. 12 красавіка выхаванцы дзіцячага сада зноў наведаліся ў сельскую бібліятэку-клуб в.Турэц-Баяры, гэтым разам – на гадзіну здароўя “Зялёная аптэка”.
Малыя азнаёміліся з выставай кніг, з задавальненнем называлі знаёмыя ім лекавыя расліны на паштоўках: ландыш, чарніцы, бяроза, васілёк, рамонак, шыпшына… Нават распазналі некаторыя сухія травы, а зярняткі кропу расціралі ў пальчыках, і яго водар хутка запаланіў усё памяшканне. А потым была медыяпрэзентацыя “Дзецям пра лекавыя расліны” – дашкаляты азнаёміліся з вядомымі травамі, як іх выкарыстоўваць і як правільна збіраць. Без загадак таксама не абышлося: хто не ведае крапіву, трыпутнік, дзьмухавец ды лопух?!
Але дзеці яшчэ чакалі сюрпрыза. І калі на стале з’явіўся незвычайны заварнік-ягадка з сапраўдным малінавым чайком – радасці малых не было канца! А які смачны напой, ён увабраў у сябе цяпло сонца і сілу зямлі! Пілі б, здаецца, і пілі, аднак не трэба забывацца, што такі чай лячэбны, і злоўжываць ім нельга.



Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.