На музычную рэтра-вечарыну «Залатыя паліцы нашай маладосці» запрасілі сваіх чытачоў супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча.
Пад папулярную песню «Молодость» группы «Рождество», удзельнікі чацвёртай сустрэчы адправіліся назад у мінулае, на гэты раз у 1985-1990 гады.
Міхаіл Гарбачоў, курс на паскарэнне і першыя крокі перабудовы, барацьба з п’янствам, павальны дэфіцыт і чэргі за самымі неабходнымі таварамі… Але адначасова – першыя ластаўкі галоснасці і свабоды слова, абмеркаванне яшчэ нядаўна забароненых тэм і праблем. Гэта выклікала велізарны попыт на кнігі ў бібліятэках. Пачалі друкаваць забароненыя творы Барыса Пастэрнака, Ганны Ахматавай, Іосіфа Бродскага. У фокусе грамадскай думкі аказаліся «Пажар» Валянціна Распуціна, «Плаха» Чынгіза Айтматава», «Сумны дэтэктыў» Васілія Астафьева.
Па ўспамінах Наталлі Кучар, каб прачытаць «Плаху» Айтматава у часопісным варыянце, яна запісалася ў чаргу ў чытальнай зале. Праз нейкі час ёй прыйшла паштоўка, што чарга падышла. Муж застаўся з малодшай дачкой, а яна са старэйшай пайшла ў бібліятэку, пастаралася яе заняць, каб не перашкаджала чытаць. Ёй далі тры гадзіны, а пасля часопіс адразу перадалі наступнаму чытачу…
Чытачка Вольга Кірэева распавядала, што «Майстра і Маргарыту» Міхаіла Булгакава яна прачытала за адну ноч у цягніку Ленінград-Мінск. Ёй тады было 18 год. Убачыла, што жанчына дачытвае гэтую кнігу, надрукаваную на лістах фармата А4, папрасіла ў яе. За ноч асіліла, магчыма таму, што тая была надрукавана ў скарочаным варыянце…
Настольнымі кнігамі з’яўляюцца для Таццяны Траян, ураджэнкі горада Нароўлі, «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч і «Зорка Чарнобыля» Юліі Вазнясенскай. Разам з гэтымі кнігамі яна нібыта нанова перажывае той час, калі давялося разам з сям’ей пераехаць у Маладзечна, хоць і напісаны кнігі пазней.
Сваімі ўспамінамі пра 80-я падзялілася былая дырэктар цэнтральнай гарадской бібліятэкі Ніна Артышэвіч. Адна са знакавых падзей – будаўніцтва бібліятэкі сямейнага чытання «Верасок», у сценах якой і адбылося гэта мерапрыемства. Яна ўзводзілася ў крызісны час, калі не хапала будаўнічых матэрыялаў, бо ўсе яны адпраўляліся на ўзвядзенне «чарнобыльскіх» аб’ектаў. Між тым яна адчыніла свае дзверы для чытачоў 27 снежня 1988 года. Ніна Аляксандраўна ўспамінала, як адна з чытачак, уражаная прыгажосцю, нават зняла абутак пры ўваходзе…
Называлася шмат папулярных твораў, якія выйшлі ў тыя гады: «Дзеці Арбата» А. Рыбакова, «Начавала хмарка залатая» А. Прыстаўкіна, «Сто дзён да загаду» Ю.Палякова і многія іншыя. Прысваенне Нобелеўскай прэміі па літаратуры Іоіфу Бродскаму, выданне забароненых кніг Барыса Пастэрнака, вяртанне ў СССР Аляксандра Сахарава – усё гэта вызначала атмасферу таго часу.
Ірына Рыбакова зрабіла агляд беларускай літаратуры таго часу. Асабліва адзначалася, што сярод знакавых твораў былі і гістарычныя кнігі нашых землякоў Генадзя Каханоўскага і Міколы Ермаловіча. Прыгадваліся і фільмы, якія на слыху і цяпер: «Пакаянне», «Ідзі і глядзі», «Любоў і галубы», «Зімняя вішня».
Гучалі на мерапрыемстве і песні тых год ў выкананні вакальнай групы «Беларусачка».
Завяршылася рэтра-вечарына песняй пра Маладзечна Іосіфа Сушко і агульнымі пажаданнямі арганізатараў і чытачоў новых сустрэч у 2019 годзе.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.