6 красавіка адзначаецца 75-годдзе Валянціны Міхайлаўны Коўтун. Яна ж Леся Беларуска, Ясельда – паэтка, празаік, драматург, перакладчыца, літаратуразнаўца і грамадскі дзеяч. На вялікі жаль, дзесяць гадоў таму, на Першамай, яе чуйнае сэрца перастала біцца.
Выбітная творчая спадчына Валянціны Коўтун добра вядома чытачам не толькі Беларусі, але і Украіны, Расіі, Літвы, іншых куткоў свету. У сярэдзіне 60-х яе імя ўвайшло ў свет беларускай літаратуры, стала адметным для ўсіх і па-свойму родным для кожнага дзякуючы трапяткой мове, светлай лірыцы, душэўнай глыбіні, багатаму драматызму і неймаверна цікавым, смелым вобразам. Пяру Коўтун належаць дзясяткі выданняў: ад зборнікаў паэзіі, раманаў, апавяданняў да літаратуразнаўчых прац.
Незгасальная памяць аб пісьменніцы падмацавана яе таленавітымі паэтычнымі творамі ў кнігах вершаў і паэм: «Каляровыя вёслы», «На ўзлёце дня», «Метраном», «Лісты да цябе», «Свяча любові», паэтычных зборніках для дзяцей «Мы робім казку», «Вясёлы заасад» і інш. Сутнасць яе лірыкі – маральна-этычныя ўзаемаадносіны ў грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. У поле зроку В. Коўтун тэма айчыны і тэма гісторыі як катэгорыі месца і часу. Радзіма для паэткі-перш за ўсё куток дзяцінства, куды яна вяртаецца зноў і зноў.
Валянціна Міхайлаўна Коўтун – аўтар шэрагу празаічных твораў. У кнізе апавяданняў «Калінавая гронка залатая» пісьменніца праявіла сябе як майстар псіхалагічна-бытавога, рэалістычна аб’ектываваных лісты. Значнай падзеяй у сучаснай літаратуры стаў раман «Пакліканыя», прысвечаны беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай.
Галоўнай кнігай жыцця пісьменніцы можна назваць раман-дылогію «Крыж міласэрнасці» пра гісторыю жыцця беларускай паэткі, грамадскага дзеяча Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Свайму раману аўтар прысвяціла амаль 15 творчых гадоў, па яго матывах ў 90-я гады на экраны выйшаў біяграфічны серыял, зняты кінастудыяй «Беларусьфільм» з Аляксандрам Дамагаравым у галоўнай ролі.
Даследчаму пяру Валянціны Міхайлаўны належаць працы па гісторыі беларускай літаратуры, народнай творчасці, сярод якіх «Святло Народнага слова: паэтычны лад беларускай народнай песні», «Крыніца паэзіі: на шляхах эпізацыі», шматлікія артыкулы пра творчасць М. Танка, Н. Гілевіча, І . Мележа і інш.
У бібліятэках ДУК “Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча” падрыхтаваны літаратурныя выставы, дзе прадстаўлены творы пісьменніцы і матэрыялы пра яе жыццёвы і творчы шлях.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.