Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ

Нарадзіўся ў вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Скончыў Дзяржынскую сярэднюю школу (1938) і паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута, дзе да пачатку 2-й сусветнай вайны скончыў 3 курсы.

Падчас вайны эвакуіраваўся і працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лабаскі Мардоўскай АССР.

У канцы 1943 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў інспектарам райана ў Суражы Віцебскай вобласці. У 1944—1946 гг. завуч сярэдняй школы ў Дзяржынску Мінскай вобласці. З 1946 г. аднавіў вучобу ў педінстытуце, які скончыў у 1947 г. У 1947—1948 гг. вучыўся ў аспірантуры пры педінстытуце. У 1948—1955 гг. выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, а пасля яго закрыцця, у 1955—1957 гг. працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў.

У канцы 1957 г. выйшаў на пенсію з прычыны значнага пагаршэння зроку.

Актыўную літаратурную дзейнасць пачаў у 1948 годзе. Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладзечанскай раённай газеце, альманаху «Нарач», газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках.

У 1963 г. распачынае выдаваць рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падснежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964 года. У 1975 годзе ўзнаўляецца выпуск «Падснежніка», але пад новай назвай «Гутаркі». Да 1976 г. выйшла каля 50 выпускаў «Гутаркі», які выдаваўся Ермаловічам пад псеўданімам Сымон Беларус.

Рукапісы Ермаловіча ў 1970—1980-х абарачаліся ў непадцэнзурным друку. Ён з’яўляўся заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, якая супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі.

У савецкія часы была выдадзена толькі адна кніга Ермаловіча «Дарагое беларусам імя» (1970). Магчымасць друкавацца з’явілася толькі ў часы перабудовы і пасля абвяшчэння незалежнасці. У 1990 г. — даследаванне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994 годзе — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

Жыў у Маладзечне, а ў апошнія гады ў Мінску.

Мікола Ермаловіч узнагароджаны медалём імя Ф.Скарыны(1990), Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за кнігу «Старажытная Беларусь» (1992), прэміяй імя У. Караткевіча. Ганаровы грамадзянін г. Маладзечна. Член СП Беларусі.

4 сакавіка 2000 г. трагічна загінуў — амаль невідушчы 78-гадовы навукоўца трапіў пад колы аўтамабіля ў Мінску.

Пахаваны ў Маладзечне на Старых могілках, побач з жонкай.

Ермаловіч, М. І. Па слядах аднаго міфа / М.І.Ермаловіч. – 2-е выд.,дап.. – Мн. : Навука і тэхніка, 1991. – 95с.

На аснове дэталёапга разгляду гістарычных і іншых матэрыялаў асвятляецца пытанне пра ўтварэнне ў 50-60-х гадах ХІІІ стагоддзя Вялікага княства Літоўскага. Для навукоўцаў, краязнаўцаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.

 

Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд : гістарычнае даследаванне / Мікола Ермаловіч. – Мінск : ВЦ “Бацькаўшчына” : МП “Бесядзь”, 1994. – 89, [3] с.

Працяг сэрыі Старажытная Беларусь вядомага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча прысьвечаны аднаму з найбольш важных пэрыядаў беларускай гісторыі – віленскаму. Паводле словаў самога аўтара пад акрэсьленьнем “віленскі” ён разумее пэрыяд, які вядомы як пэрыяд найбольшага тэрытарыяльнага росту Вялікага Княства Літоўскага. У сваёй працы Мікола Ермаловіч заўсёды спрабаваў знайсьці гістарычную праўду сярод невялікай колькасьці ацалелых натуральных дакументальных сьведчаньняў. Адным з асноўных аспэктаў працы з’яўляецца вяртаньне з небыцьця беларускай Вільні. Менавіта з гэтым горадам аўтар атаясамлівае ўздым, што адбыўся у ХІV стагодзьдзі. Аўтар робіць выснову, што ў папярэднія перыяды ні Полацку ні Наваградку не ўдавалася аб’яднаць вакол сябе ўсе этнічна беларускія землі. Але якраз Вільня, як крывіцкая калёнія сярод балцкага мора Аўкштайціі, стала тым зьвяном ланцуга, які зьяднаў балцкі і славянскі пачаткі беларускага народу.

Ермаловіч, М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды /  М.І.Ермаловіч. –  Мн.:  Мастацкая літаратура,  2001. –  365,[1]с.

Кніга папулярнага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча ўяўляе сабой плён яго шматгадовых навуковых пошукаў і прысвечана аднаўленню па драбніцах гісторыі Беларусі полацкага і новагародскага перыядаў. Выкарыстоўваючы дадзеныя легапісаў, тапанімікі, археалогіі, аўтар прасочвае лёс нашай зямлі, пачынаючы са старажытных часоў і канчаючы ўтварэннем і ўмацаваннем Вялікага княства Літоўскага. Смеласць і арыгінальнасць пазіцыі, непрыманне ідэалагічных догмаў і шаблонаў, якія панавалі ў гістарычнай навуцы на працягу гадоў, відаць, і сталі прычынай таго, што гэтая праца М. Ермаловіча зможа пабачыць свет толькі цяпер.

Ермаловіч, М.І. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае /  Ермаловіч, М.І. –  Мн.:  Беллітфонд,  2003. –  448с.

«Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае» — апошняя кніга гісторыка Міколы Ермаловіча, якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. М. Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх дзён, паспеўшы ўнесці ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. У адпаведнасці з поглядамі аўтара, Вялікае княства Літоўскае паўстала пасля заваявання Літвы князем-наёмнікам Міндоўгам, прынятым у Новагародак на «службу». Сама ж летапісаня Літва знаходілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму Вялікае княства Літоўскае названа беларускай дзяржавай. Гіпотэза Міколы Ермаловіча, памылковая з пазіцый сённяшняга дня, у канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў адыграла значную ролю. Аўтар паказаў, што тэрыторыя летапіснай Літвы не тоесная тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі. М. Ермаловіч звярнуў увагу на тое, што утварэнне і існаванне Вялікага княства Літоўскага не зводзілася да схемы захопу літоўскімі феадаламі саслабелых усходнеславянскіх земляў. М. Ермаловіч паслядоўна паказваў пагрозы існаванню ВКЛ і з Усходу, і з Захаду. Работы Міколы Ермаловіча паспрыялі абуджэнню як навуковай дыскусіі у гістарычнай навуцы, так і грамадскай свядомасці беларусаў.

Ермаловіч, М. І. Выбранае [Тэкст] / Мікола Ермаловіч. – Мн. : Кнігазбор, 2010. – 635,[1]с. – (Беларускі кнігазбор .)

Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ