Духоўнай кнігі ласка

размещено в: Новости | 0

Сёння ў Беларусі пра Францыска Скарыну і яго “Псалтыр” ведаюць ад мала да вяліка, роўна як ў Расіі ведаюць пра выхадцаў з ВКЛ Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца і іх “Апостал”. Гэтыя людзі – першадрукары, і яны падаравалі народам-суседзям не простыя кнігі, а тыя, што ў хуткім часе сталі спадарожнікамі жыцця для кожнага чалаваека.

14 сакавіка да Дня праваслаўнай кнігі ў сельскай бібліятэцы-клубе в.Турэц-Баяры для школьнікаў адбыўся незвычайны экскурс у гісторыю царкоўнай літаратуры “Духоўнай кнігі ласка”. На сустрэчу з дзецьмі быў запрошаны настаяцель храма Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага протаіерэй Мікалай Пешко. Бацюшка вельмі цікавай і даступнай для вучняў мовай расказваў пра гісторыю царкоўных кніг, як яны сёння  выкарыстоўваюцца ў храмах у розныя дні і святы. Гэта “Трапаліён” і “Часаслоў”, “Жыція святых” і “Імёнаслоў”, а дзецям святар парэкамендаваў чытаць дзіцячую “Біблію” з малюнкамі і “Малітваслоў” – у ім змешчаны малітвы пра бацькоў і пра паспяховую вучобу.

Асабліва зацікавіліся школьнікі “Кліравымі ведамасцямі” Маркаўскага храма сярэдзіны 19 ст., якія настаяцель прывёз з сабой. Якім прыгожым почыркам яны пісаліся, і чарніла не выцвіла больш чым за 150 гадоў! А подпісы царкоўных старастаў якія мудрагелістыя, і нават сургучнымі пячаткамі запісы замацаваныя! А факты, факты якія там змешчаны! Напрыклад, што ў 1840-м годзе ў  в.Вяжуці (яна знаходзіцца непадалёк ад нашых Турэц-Баяраў) было 11 хат, а ў іх пражывала ажно 85 чалавек! Ці яшчэ мудрэй: у в.Скавародкі было 5 хат, і пражывала ў іх 65 чалавек! А належалі вёскі памешчыку Валатковічу…

Закончыў сваю бяседу протаіерэй пажаданнямі пакоры і добрай вучобы, а таксама наказам любіць сваю малую радзіму, шанаваць і паважаць яе гісторыю, яе людзей.

 

 

Оставить ответ