Уявіць наша жыццё без пісклявых камарыкаў і траскучых конікаў, без працавітых пчолак і прыгожых матылькоў проста немагчыма. Да таго ж гэтыя жучкі-павучкі маюць свой сапраўдны святочны дзень – 9 сакавіка!
10 сакавіка на пазнавальную гадзіну “Дзівосны свет насякомых” у сельскую бібліятэку-клуб в.Турэц-Баяры былі запрошаны выхаванцы дзіцячага сада. І малыя з задавальненнем адправіліся ў незвычайнае падарожжа па свеце насякомых. Спачатку праз ілюстрацыйны матэрыял у выглядзе медыяпрэзентацыі дзеці азнаёміліся з асноўнымі відамі насякомых, з будовай іх цельцаў, вызначылі, для чаго яны патрэбныя ў прыродзе.
Але самае цікавае чакала малых наперадзе: часопісы DeAgostini «Настоящие насекомые & Ко» з калекцыяй насякомых ў спецыяльных празрыстых ахоўных капсулах. Каго тут толькі не было: розныя жукі і мухі, мурашы і цыкады, саранча і скарпіёны, пчолы і тараканы, і, канешне ж, павукі… Дзеці ажно пішчэлі ад неспадзяванасці і азарту – такога бачыць ім яшчэ не даводзілася! Тут можна было палічыць лапкі, разгледзець вусікі і крылцы, а таксама абавязковыя насечкі (палоскі) на брушку кожнага насякомага. І прыгожымі могуць быць не толькі матылькі ды божыя кароўкі, ёсць шмат іншых жывых істот, якія зачароўваюць нас сваім рознакаляровым ззянем.
Любіце прыроду ва ўсіх яе праявах, не губіце нічога і нікога, і аднойчы прырода вам аддзячыць…
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.