Дзень роднай мовы

размещено в: Новости | 0

Дзень роднай мовы “Моўная старонка роднага краю”

Наша роднае беларускае слова жыве! І ў гэтым яшчэ раз упэўніліся супрацоўнікі абанемента цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія праводзілі абслугоўванне чытачоў у Міжнародны дзень роднай мовы выключна па- беларуску. Ніводнога негатыўнага водгуку акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску” не атрымала. Нават тыя чытачы, якія прыехалі ў Беларусь з іншых краін і не вывучалі мову, спрабавалі весці гутарку з бібліятэкарамі па- беларуску. Многія не адмаўляліся паўдзельнічаць ў віктарыне “З чароўнай скарбонкі”, узгадвалі творы беларускіх пісьменнікаў, перакладалі словы і крылатыя выразы з рускай мовы на беларускую і наадварот. Некаторых чытачоў захапіла крыжаванка пра наша роднае Маладзечна. Так першакурснікі палітэхнічнага каледжа, хоць і пры дапамозе “Гугла”, адгадалі больш за палову пытанняў. Прымалі удзел наведвальнікі і ў разгадванні моўнага пазла “Простыя словы”.

На свята роднай мовы ў бібліятэку завітала сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шабанец, ўладальніца Гран-пры ІІІ Міжнароднага фестывалю паэтычных перакладаў “Берагі сяброўства”. Пісьменніца пазнаёміла маладых чытачоў з паэтычнымі зборнікамі “Таямніца” і “Рэха”, падзялілася планамі на будучыню. На сустрэчы, якая праходзіла ў сяброўскай атмасферы, гучала не толькі паэтычнае слова, але і аўтарскія песні.

Усіх удзельнікаў Дня роднай мовы бібліятэкары частавалі цукеркамі і прэзентавалі каляндары з контурам Беларусі, як напамін славутага выразу “Не пакідайце мовы сваёй, каб не ўмерлі…”.

Оставить ответ