27 лістапада ў філіяле № 2 «Гарадская бібліятэка» для юных чытачоў прайшло літаратурнае падарожжа «Дар душэўнай дабрыні», прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага пісьменніка Беларусі – Міхаіла Ціханавіча Лынькова. У гісторыю беларускай літаратуры Міхаіл Ціхановіч увайшоў як выдатны майстар прозы, аўтар шматлікіх апавяданняў і аповесцей, але сапраўдную любоў чытача прынеслі Лынькову яго творы для дзяцей. Бо пісьменнік не проста меў талент і майстэрства, але і глыбока ведаў асобу дзіцяці і ўмеў пісаць займальна.
У пачатку мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з біяграфіяй і творчасцю М. Лынькова, расказала пра цікавыя факты з яго жыцця. Затым дзеці праслухалі радыёспектакль па першай частцы аповесці «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», які суправаджаўся прэзентацыяй ілюстрацый да гэтага твора.
А далей удзельнікаў мерапрыемства чакала цікавая віктарына і розныя заданні па аповесці: «Збяры карцінку», «Сябры і ворагі», «Знайдзі пару», «Угадай героя» і іншыя. Паколькі многія з дзяцей яшчэ летам прачыталі гэты твор, то з лёгкасцю выканалі прапанаваныя заданні.
Таксама, да юбілею М. Лынькова ў зале бібліятэкі была аформлена кніжная выстаўка «Прамяністае святло таленту», і кожны жадаючы мог выбраць сабе кнігу пісьменніка для чытання.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.