Сям-там па вёсках засталіся яшчэ ў бабуліных шафах цікавыя рэчы, сярод якіх можна знайсці і насценныя дываны з плюшу і замшы, з тканіны і лямцу… Гэта была цэла эпоха, калі сваё жыллё людзі ўпрыгожвалі менавіта дыванамі, адносна таннымі, але якімі прыгожымі! Памятаеце маналог Віцына з “Аперацыі Ы”?
“Граждане новоселы! Внедряйте культурку! Вешайте коврики на сухую штукатурку. Никакого модернизма, никакого абстракционизма! Сохраняет стены от сырости, вас – от ревматизма! Налетай, торопись, покупай живопись!”
Вось і куплялі, і перад суседзямі выхваляліся, у каго алені на сцяне больш прыгожыя ды яркія. А дзеці проста млелі ад шчасця, калі ўпершыню клаліся спаць пад такім дываном – гэта ж сапраўднае чараўніцтва! Калі правядзеш пальчыкам па ворсу – застаецца цямнейшая палоска, а далонькай пагладзіш – зноў блішчыць! А яшчэ махры можна было ў коскі заплятаць, і марыць, і ўяўляць сябе Феяй, Папялушкай, Прынцэсай…
Сельская бібліятэка-клуб в.Турэц-Баяры запрасіла дзяцей са школьнага аздараўленчага лагера на ўнікальную выставу-экскурсію “Гісторыя савецкіх дываноў”. Малыя былі і ў здзіўленні, і ў захапленні – такой прыгажосці яны проста ніколі не бачылі! Пачаткоўцы разглядвалі шэдэўры ад савецкіх фабрык мастацкіх ды галантарэйных вырабаў, мацалі, гладзілі рознакаляровую тканіну, а на мяккім букліраваным дыване ручной работы як жа прыемна было пасядзець!
Таксама пабачылі школьнікі габелены і дыванкі з казачнымі матывамі: “Чырвоная Шапка”, “Рэпка”, “Калабок”, “Канёк-Гарбунок”, “Зайкава хатка”… Нават знакамітая карціна В.Р.Пярова “Паляўнічыя на прывале” тут знайшлася! А колькі цікавых гісторый пачулі дзеці пра такія звычайныя ў недалёкім мінулым дываны!
Ляціць час, змяняюцца эпохі і людзі, знікаюць цудоўныя рэчы. Толькі настальгію ніхто не адмяняў…
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.