Гісторыя навагодняй цацкі

размещено в: Новости | 0

Усе мы чакаем Новы год! Дзеці думаюць пра падарункі пад ёлкай ад Дзеда Мароза, а дарослыя плануюць будучыню і спадзяюцца на штосьці новае і добрае, але 1 студзеня таксама не забываюцца заглянуць пад зялёную прыгажуню. І яна прыходзіць у кожны дом, такая ўся прыбраная, яркая, зіхаткая, цешыць людзей і забаўляе сямейства кашачых.

Завітала навагодняя ёлка і ў сельскую бібліятэку-клуб в. Турэц-Баяры, праўда, была яна нейкая іншая, не такая, як усе яе сяброўкі. А пабачыць і зразумець ўнікальнасць гэтай ёлкі пашчасціла выхаванцам дзіцячага сада – яны былі запрошаны на выставу-экскурсію “Гісторыя навагодняй цацкі”.

У памяшканне біблітэкі дзеці заходзілі ранічкай, яшчэ прыцемкам, каб адчуць таямнічасць мерапрыемства. Запалілася святло і – вось яна, гаспадыня Новага года – упрыгожаная… Чым толькі яна была не ўпрыгожаная! Але пра ўсё – па чарзе.

Экскурсія пачалася з пытання: чаму менавіта ялінка з’яўляецца сімвалам Новага года? Дзеці – малайчынкі, здагадаліся, што гэта дрэва зялёнае і летам, і зімой, і таму ўвасабляе неўміручасць і даўгалецце, а шышкі на ім – знак жыцця і здароўя. А жыхары германскіх зямель некалі лічылі, што сярод галінак жыве добры дух лясоў і задобрывалі яго ў канцы снежня (калі пачынаўся сонечны год) рознымі падарункамі. Таксама вядома, што ў Х ст. у горадзе Кёльне пастар ў дзень Святога Мікалая ўпрыгожыў сцены адной з царкоўных школ яловымі галінкамі, а лепшым сваім вучням раздаў піражкі. Адсюль вынікае, што першыя “ёлачныя цацкі” маглі быць і ядомымі. І калі малыя падыйшлі да нашай ёлкі з аднаго боку, то ўбачылі на галінках шышкі, яблыкі (урадлівасць), арэхі (Божы промысел) і…самыя сапраўдныя яйкі (зараджэнне жыцця)! Як тут было не здзівіцца!

Падыходзім да другога боку – што ж вісіць на галінках тут? – пернікі, абаранкі і… бульбінкі! А яшчэ дзе-нідзе шары, што па колеру нагадваюць яблыкі. Усе правільна! Заўсёды людзі імкнуліся ва ўсё самае лепшае прыбраць сваю навагоднюю ёлачку, а што можа быць смачней за печыва ды экзатычную бульбу, якая толькі-толькі пачала з’яўляцца на нашых землях. А чаму шкляныя шары – няўжо яблыкі закончыліся? Аднойчы здарыўся яблычны няўраджай, і нямецкія шклодзьмувы прыдумалі, чым замяніць гэтыя плады на ёлцы. Таксама з’яуляецца “дожджык” з сапраўднага серабра, але ад аганькоў свечак ён цямнеў і рабіўся не вельмі прыгожым.

Абыходзім ёлку па стрэлцы гадзінніка далей і – чаго толькі не было на ёй ў савецкі час! А цацак столькі, што вочы разбягаюцца: бегемоцікі і сабачкі, баклажаны і лімоны, совы і пеўнікі, заснежаныя хаткі, ледзяшы, гадзіннікі, снягуркі, дзеды марозы… А яшчэ – бабуліны пацеркі, ланцужкі, ліхтарыкі і сняжынкі, вырабленыя з каляровай паперы, медны (!) “дожджык”, медыцынская вата і многа-многа цукерак.

Апошні, чацвёрты бок калючага дрэўца ўвасабляў сучаснасць. Сёння і цацкі, і ёлкі сустракаеш настолькі неардынарныя, што ўжо не паспяваеш здзіўляцца чалавечай фантазіі. Таму бліскучыя шары і кара́лі, званочкі і птушачкі з саломы, рознакляровая мішура былі для малых звычнай справай, а вось упрыгожаныя яловыя лапкі бірулькамі з сімваламі марак аўто ды з рознымі вісюлькамі – гэта штосьці новае!

Толькі, якая ж ёлка без навагодняй песні і карагода! Пад знакамітую “В лесу родилась ёлочка” (не важна, што песенцы ўжо больш за сто гадоў) дзеткі ўзяліся за рукі і – карагод атрымаўся цудоўны! Раісе Кудашавай, Алене і Леаніду Бекманам, аўтарам слоў і музыкі гэтага дзіцячага навагодняга гімна, канешне, наш танец спадабаўся б!

І якая ж ёлка без цукерак! Якое задавальненне атрымалі малыя, калі ім самім патрэбна было знімаць з галінак найсмачнейшае на свеце салодкае дзіва!

Таксама заглянулі дзеці і ў старадаўні чамадан – у такіх захоўваюцца на бабуліных вясковых гарышчах розныя цікавыя рэчы. Наш жа быў цалкам навагодні: серабрыстая ёлачка сарамліва паказвала сябе з-пад адчыненага века, побач размясціліся яе спадарожніцы-цацкі і ўсё той жа “дождж медны” ды рарытэтныя паштоўкі сярэдзіны мінулага стагоддзя, якія ў свой час наведвалі з прывітаннямі і пажаданнямі кожны дом, кожную кватэру.

Але мы жывём ў ХХІ стагоддзі, і сёння ну ніяк не абысціся без навагодняй атрыбутыкі з сучасных матэрыялаў. У куце бібліятэкі ціхенька стаяла снежная баба, склееная з пластыкавых шклянак. А дзеці абляпілі яе з усіх бакоў, мацалі і абнімалі, краталі папяровы аранжавы нос і прымяралі на сябе шапку…

Не так шмат часу засталося да Новага года, потым міне яшчэ адзін і яшчэ… Выхаванцы дзіцячага сада вырастуць, і, магчыма, у адзін з зімовых вечароў нехта з іх ды раскажа ўжо сваім дзецям, як яны некалі хадзілі на бібліятэчную ёлку…

Оставить ответ