28 лютага спаўняецца 55 гадоў беларускаму пісьменніку, паэту-песенніку, публіцысту, крытыку Алесю Бадаку.
Алесь Бадак (Аляксандар Мікалаевіч Бадак), аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1983 годзе пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1984–1986). Пасля дэмабілізацыі працягнуў вучобу ва ўніверсітэце, які скончыў у 1990 годзе. У тым жа годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Працаваў рэдактарам аддзелу, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» (1991–2001), рэдактарам аддзела часопіса «Полымя» (2001—2002), загадчыкам аддзела прозы, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (2002–2009). У 2009–2014 гадах – галоўны рэдактар часопіса «Нёман». У 2014–2015 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Полымя».
Адначасова ў 2009–2012 гадах – 1-ы намеснік дырэктара Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва». У 2012–2015 гадах – намеснік дырэктара РВУ Выдавецкі дом «Звязда». З 2015 года дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Пачынаў Алесь Бадак як паэт. Першы верш быў надрукаваны ў 1979 годзе ў газеце «Піянер Беларусі». У яго вершах шмат тонкага i трапяткога, адчуванне канечнасцi зямнога быцця i прыгажосць, схаваная ад абыякавага погляду.
Паэт Алесь Бадак добра вядомы i праз песнi – яго лiрычныя словы гучаць з вуснаў вядомых выканаўцаў. Алесь Бадак з’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў песні.
У 2003 годзе быў у ліку першых лаўрэатаў літаратурнай прэміі «Залаты апостраф». Пазней пачынае выдаваць прозу і творы для дзяцей. З’яўляецца адным з арганізатараў клуба дзіцячых пісьменнікаў.
▪ Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2003);
▪ Лаўрэат прэміі «Залаты купідон» за найлепшую кнігу года ў намінацыі «Публіцыстыка» (2008; за кнігу «Расліны: батанічныя эцюды»);
▪ Лаўрэат прэміі СНД «Зоркі Садружнасці» (разам з А. Карлюкевічам) (2014);
▪ Лаўрэат прэміі Васіля Віткі (2015).
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.