11 чэрвеня ў рамках ХХІV Нацыянальнага фестываля беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025» Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча запрасіла жыхароў і гасцей горада на ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісу “О, край родны, край прыгожы!”.
У маляўнічым кутку Маладзечанскага краю Беразінскае – Гарадзілава ўжо другі год запар праходзіць мастацкі пленэр, фундатарам якого з’яўляецца Генадзь Гаўрыс.
Удзельнікі пленэру малявалі краявіды Гарадзілава, Беразінскага, Лоску, Палачан, Аборку, Літвы, Салтаноў і Яхімоўшчыны.
Як, зазначыў Генадзій Гаўрыс галоўная мэта літаратурна-мастацкага праекту ─ адлюстраваць прыгажосць і наблізіць гледача да разумення, у якім цудоўным кутку нашай краіны яны жывуць.
Перад гасцямі імпрэзы выступілі ўдзельнікі пленэру: Таццяна Ласка, Мікалай Аўчыннікаў, Галіна Беганская, Рыгор Мяжуеў, Вера Каўзановіч. Іх працы і склалі экспазіцыю выставы жывапісу “О, край родны, край прыгожы!”.
Дырэктар бібліятэкі Марыя Стасяловіч сардэчна павіншавала ўсіх з адкрыццём выставы і адзначыла, што на палотнах намалявана неверагодная прыгажосць роднага краю, пажадала мастакам далейшых поспехаў і творчага даўгалецця, невычэрпнага натхнення і плённай дзейнасці.
Музычны настрой гасцям падаравалі навучэнцы Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў: яны выканалі беларускія творы пад акампанемент цымбалаў, баяна, скрыпцы, флейты.
У кожнага з нас ёсць свая малая радзіма, месца, дзе жывуць успаміны пра бесклапотнае дзяцінства, школьныя гады і юнацтва. Мастакі, валодаючы дарам захоўваць свае думкі і пачуцці з дапамогай палатна і фарбаў, асабліва ставяцца да гэтай трапяткой тэмы малой радзімы і часта у сваіх работах даюць магчымасць нам здзейсніць падарожжа ў далёкае мінулае.
Шчыра запрашаем усіх аматараў мастацтва адправіцца ў падобнае падарожжа і акунуцца ў неверагодны свет маладзечанскіх краявідаў, якія падаравалі нам мастакі.





Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.