15 чэрвеня ў рамках ХХІІІ Нацыянальнага фестываля беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2024» Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча запрасіла жыхароў і гасцей горада на ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісу “Маладзечанскія літаратурныя мясціны”.
Маладзечанскія літаратурныя мясціны – гэта першая частка мастацка-літаратурнага праекта, які распачаўся ў аг.гарадку Беразінскае.
Галоўнай тэмай гэтага пленэру было занатаваць стары парк, які ствараўся, дзякуючы ўладальніцы Гарадзілава – Габрыэлі Пузыні, выбітнай паэтэсы і мемуарысткі, якая жыла ў гэтых мясцінах, памерла і была пахавана ў склепах Гарадзілаўскага касцёлу. Нашы мастакі не прамінулі пазнаёміцца з ваколіцамі: Яхімоўшчына – месца жыцця і працы Янкі Купалы; вятрак у вёсцы Салтыны, мястэчкі: Лебедзева, Груздава, Палачаны.
Перад гасцямі імпрэзы выступілі удзельнікі пленэра: мастакі з Мінску – Вячаслаў Аўгусціновіч, Алла Кушнер, з Заслаўя – Віктар Данілаў, Таццяна Ласка; з Маладзечна – Мікалай Аўчыннікаў, Галіна Бяганская, Рыгор Мяжуеў, з Вілейкі – Вера Каўзановіч. Іх працы і склалі экспазіцыю выставы жывапісу “Маладзечанскія літаратурныя мясціны”.
Павіншаваць мастакоў з адкрыццём прыйшло шмат гасцей і калег. Вядучы святочнай імпрэзы Генадзій Гаўрыс зазначыў, што з мастакамі яны робяць першы крок і не збіраюцца спыняцца, бо маляўнічых куточкаў на Маладзечыншчыне вельмі шмат.
Музычны настрой гасцям падаравалі педагогі і навучэнцы Беразінскай дзіцячай школы мастацтваў: яны выканалі беларускія творы пад акампанемент цымбалаў, гітары, баяна, скрыпцы. А напрыканцы імпрэзы, пад неўміручы паланэз Міхала Клеафаса Агінскага«Развітанне з Радзімай», усе госці акунуліся ў неверагодны свет маладзечанскіх краявідаў, якія падаравалі ім мастакі.
Удзельнікі імпрэзы атрымалі масу яркіх уражанняў ад убачанага і пачутага, натхніліся на творчыя ідэі і іх ажыццяўленне.
Запрашаем усіх аматараў і прыхільнікаў мастацтва наведаць выставу і адпачыць душой.




Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.