Выстава жывапісу Віктара Данілава

размещено в: Новости | 0

20 снежня адбылося адкрыццё выставы жывапісу “Наш край” Віктара Данілава. Мастак Віктар Мікалаевіч Данілаў – выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута ім. Сяргея Мірановіча Кірава. Член Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, член Еўразійскага мастацкага саюза (Масква), член Еўразійскай мастацкай садружнасці (Мінск).

Асноўны жанр творчасці В. Данілава – пейзаж, цэнтральнымі аб’ектамі якога часцей за ўсё выступаюць выявы старажытных прыгонных сцен, замкаў, сабораў, цэркваў, манастыроў, касцёлаў, капліц… Нараўне з шырока вядомымі старажытнымі помнікамі Пскова, Пячора, Заслаўя, Нясвіжа, увага мастака таксама прыцягваюць ціхія гарадскія дворыкі і сельскія матывы.

У прадстаўленых на выставе работах адлюстраваўся жыццёвы шлях мастака і ідэйная канцэпцыя яго творчасці. На адкрыцці прысутнічалі вучні ДУК “Гімназія-каледж мастацтваў г. Маладзечна”, сябры мастака, знаўцы мастацтва. Цёплыя словы у адрас мастака прагучалі ад Аўчыннікава М. В. члена саюза мастакоў, загадчыка філіяла літаратурнага музея Я. Купалы “Яхімоўшчына” Ціс С.У., намесніка дырэктара па навуковай рабоце “Мінскага абласнога краязнаўчага музея” Шылько О.М.

Пасля урачыстага адкрыцця выставы гасцей запрасілі ў канферэнц залу, дзе ўдзельнікам мерапрыемства паказалі фільм і мастак адказаў на пытанні прысутных.

Выстава ў бібліятэцы – падарунак усім жыхарам і гасцям горада, магчымасць адысці ад паўсядзённай мітусні і атрымаць асалоду ад яркіх фарбаў, зарадзіцца пазітывам і цяплом. Экспазіцыя ў арт-прасторы бібліятэкі будзе працаваць да 31 студзеня.

Оставить ответ