Выстава карцін Васіля Лазоўскага “Плынь часу”, прысвечаная памяці мастака, адкрылася ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча 21 верасня. Госці мерапрыемства маглі пазнаёміцца з творчасцю майстра, з яго пейзажамі, нацюрмортамі і сімвалічнымі творамі.
Васіль Лазоўскі (16.06.1953 – 25.07.2015), мастак, педагог. Нарадзіўся ў в. Татаршчына Маладзечанскага раёна ў сям’і чыгуначніка. Скончыў Маладзечанскую сярэднюю школу № 4 і Мінскае мастацкае вучылішча імя Я. Глебава. Працаваў выкладчыкам малявання і чарчэння ў вёсцы Нарач Мядзельскага раёна, мастаком-афарміцелем Маладзечанскай філіі Мінскага мастацка-вытворчага камбіната, выкладчыкам малюнка і жывапісу ў Маладзечанскай мастацкай школе. Удзельнік шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх і гарадскіх мастацкіх выстаў, у тым ліку, і персанальных.
Арыгінальны і самабытны мастак са сваёй тэмай і светабачаннем, ён пакінуў прыкметны і адметны след у гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў.
На адкрыцці выставы прысутнічала мноства сяброў, калег і знаёмых мастака, яго родныя. Адкрыла мерапрыемства загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі Наталля Меднікава, вядучым мерапрыемства выступіў пісьменнік і краязнаўца Міхась Казлоўскі. Цёплыя словы пра Васіля Міхайлавіча казалі старшыня Маладзечанскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Мяжуеў, фотамастак Аляксандр Салагуб, народны майстар Рэспублікі Беларусь, выкладчык Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага Людміла Валковіч-Борыс.
Пасля адкрыцця выставы, ў канферэнц-зале бібліятэкі, адбылася вечарына памяці мастака “Васіль: партрэт на фоне часу”, на якую таксама прыйшло мноства людзей, якія ведалі мастака асабіста, працавалі побач з ім, вучыліся у яго, сябравалі з ім.
Сваімі успамінамі пра Васіля Міхайлавіча падзяліліся вядучы вечарыны Міхась Казлоўскі, мастак Мікола Аўчыннікаў, загадчыца мастацкай школы мастацтваў г. Маладзечна Наталля Трус, кіраўнік народнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Алена Кучко, свае вершы чытала паэтка Таіса Трафімава, якая прыехала з Мінска. Аздобілі сваім выступленнем мерапрыемства пісьменніца, бард Марыя Шабанец і Народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Крынічанька” цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна.



Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.