У гэтым годзе бібліяноч у гарадской бібліятэцы-філіяле №1 была прысвечана нашай Радзіме і прайшла пад назвай “Адзіная і непаўторная Беларусь”. Ужо з парогу чытачоў сустракала вельмі каларытная і самабытная фотазона “Беларуская хатка”. Атрымаўся маленькі фрагмент этнаграфічнага музею, з тым толькі адрозненнем, што ў ім можна пасядзець на канапе, засланай бабулінымі дыванамі, узяць у рукі прылады старажытнага побыту сялян і нават сыграць на гуслях. Затым наведвальнікі накіроўваліся ў віртуальнае краязнаўчае падарожжа “На прасторах любай Беларусі”, дзе іх чакала ажно 6 станцый-прыпынкаў. Найбольш цікавымі і гаманкімі з іх былі дзве: “Мая Маладзчаншчына”, на якой трэба было знайсці на вялікай карце раёна знакамітыя мясціны, альбо вёскі, дзе жывуць бабулі з дзядулямі. І нарэшце апошняя станцыя “Гульнявая”, дзе на хуткасць трэба было скласці пазл пра Маладзечна і назваць усе мясціны, змешчаныя на карцінках. Больш дарослыя карыстальнікі бібліятэкі таксама змаглі “пагуляць у жмуркі”, выбраўшы пачытаць наўзгад кнігу, абгорнутую ў шчыльную паперу.
У чытальнай зале ўсіх жадаючых чакала арт-майстэрня “Сімвал маёй краіны”, якую ладзілі супрацоўнікі залы мастацтва цэнтральнай бібліятэкі. Праявіўшы свае творчыя таленты, дзеці змаглі самастойна зрабіць бусліка з фаамірана і ўпрыгожыць яго па свайму жаданню.
А ў падрыхтаваным бібліятэкарамі падарожжы-віктарыне “Сцяжынкамі роднай зямлі” дзеці з цікавасцю адгадвалі не зусім простыя загадкі і з задавальненнем паказвалі свае акцёрскія здольнасці ў гульні “Скарагаворка”.
На працягу ўсяго мерапрыемства на экране дэманстраваліся мультфільмы на беларускай мове “Паўлінка” і “У лукоморья…”, гучалі любімыя беларускія песні.
У аддзеле дзіцячай літаратуры прайшла квэст-гульня “Цмок-тур ў бібліятэцы”. Удзельнікі, атрымаўшы маршрутны ліст, адправіліся ў падарожжа. На маршрутным пункце “Разумныя дзеці – смачнейшыя ў свеце” хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з бібліятэчным фондам і знаходзілі кнігі розных жанраў фэнтазі, выкарыстоўваючы падказкі. На пункце “Цікавосцікі для сапраўдных эрудытаў” пазнаёміліся з легендамі пра беларускага цмока і яго брата Гарынача, звярнуліся да народнай мудрасці, працягваючы прыказкі і прымаўкі, называлі беларускія словы па малюнках. На пункце “Гульні і забавы для самых трывалых” назапашвалі скарб для цмока, а “Вячэра ў цмока” выклікала вясёлыя эмоцыі, бо дзеткі з завязанымі вачыма спрабавалі пачастункі ад цмока. Завяршылася мерапрыемства падарункамі ў “Таямнічай пячоры” і аквагрымам з малюнкамі ўсмешлівага цмока.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.