Да Дня бібліятэк Беларусі супрацоўнікі ДУК “Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча” падрыхтавалі і правялі бібліяноч пад назвай “Зямля, што мне суджана лёсам”. Гэтыя словы з верша Уладзіміра Караткевіча сталі лейтматывам шматлікіх мерапрыемстваў, прысвечаных не толькі творчасці гэтага знакамітага класіка беларускай літаратуры, але краязнаўству, гісторыі і культуры Беларусі.
Экспазіцыя карцін з маляўнічымі беларускімі краявідамі маладзечанскага мастака Вацлава Сакалоўскага размясцілася пад адкрытым небам каля ўваходу ў бібліятэку.
Госці цэнтральнай бібліятэкі маглі наведаць “Салон пані Яноўскай” і паўдзельнічаць у захапляючым квэструме па творах Уладзіміра Караткевіча і паэтычным батле “Быў. Ёсць. Буду”, пагуляць у кніжныя хованкі “Адгадай твор”, адказаць на пытанні выставы-віктарыны адной кнігі “Дзікае паляванне караля Стаха”.
У канферэнц-зале бібліятэкі паміж прадстаўнікамі чатырох цэнтральных вуліц, якія прымалі ўдзел у гульнёва-краязнаўчай праграме “Вуліцамі майго горада” праходзіла сапраўднае спаборніцтва на лепшыя веды па гісторыі і сучаснасці Маладзечна. У журы конкурснай праграмы была запрошана начальнік вытворчага аддзела УП “Камунальнік” Таццяна Паляковіч. Па выніках гульні перамагла каманда вуліцы Ф.Скарыны. Адметна, што найбольшую колькасць балаў яна набрала ў конкурсе, дзе трэба было пералічыць вуліцы горада, названыя ў гонар пісьменнікаў. Каманда назвала 28 вуліц.
Падчас бібліяночы працавалі пляцоўкі аквагрыму і інтэрактыўных гульняў.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.