Далучэнне да Міжнароднай акцыі “Бібліяноч” стала добрай традыцыяй бібліятэк нашага горада. Сёлета гэта акцыя праходзіла ў ДУК “Маладзечанская цэнтральная бібліятэка імя Максіма Багдановіча” чацвёрты раз. Каля ўваходу ў бібліятэку працавалі імпразаваная чытальная зала і букросінг “Падзяліся кнігай з сябрам”. Усе жадаючыя маглі прысесці, перагарнуць старонкі часопісаў, выбраць патрэбную кнігу.
Абанемент цэнтральнай бібліятэкі ператварыўся часова ў квэст-рум “Літаратурныя вандроўкі па Беларусі”. Удзельнікам трэба было на гадзіну пераўвасобіцца ў бібліятэкара і выканаць умоўныя тэматычныя запыты чытачоў па гісторыі і літаратуры Беларусі. Пры гэтым неабходна было адгадаць шыфры, выкарыстоўваючы бібліятэчныя фонды і падказкі, схаваныя ў кнігах. Не ўсе гульцы змаглі знайсці схаваную шкатулку з прызамі. Але тыя, хто дайшоў да фіналу, адчувалі сябе сапраўднымі пераможцамі і знаўцамі роднага краю. Наведвальнікам таксама прапаноўвалася “Кніга ў таемнічай вокладцы”. Па ўрыўку з кніг беларускіх класікаў трэба было ўспомніць яе назву і аўтара. Самымі “лёгкімі” для чытачоў аказаліся наступныя творы: Я. Купала “Паўлінка”, Я. Колас “На ростанях”, З. Бядуля “Салавей”.
На працягу мерапрыемства, дзейнічала выстава «Нашы таленты”, на якой былі прадстаўлены творчыя працы супрацоўнікаў бібліятэкі, сярод іх -вышыўка, квілінг, лозапляценне, жывапіс, выцінанка, бацік і інш.
Упершыню на “Бібліяночы” працавала “Жывая бібліятэка”. “Кнігамі” тут былі людзі са сваім непаўторным жыццёвым вопытам, асаблівым светапоглядам, укладам жыцця, а менавіта акцёр Алег Чэчнеў, мастакі Bazinato і Наталля Чырвонцава. “Чытачом” бібліятэкі мог стаць любы жадаючы, якіх у гэты вечар было нямала. Наведвальнікі выбіралі “кнігі” і пачыналі “чытанне”. Пасля перапынку “чытачы” ўжо маглі выбраць іншую “кнігу”. Жывая бібліятэка дала ім магчымасць пачуць і зразумець іншых людзей, задаць ім пытанні, пазбавіцца стэарэатыпаў.
Калекцыю мадэляў адзення нацыянальнага і сучасных стыляў прадставілі ўдзельнікі “Тэатра мод” Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Дэманстраваліся фільмы, прысвечаныя беларускім нацыянальным строям і сучаснай вышыванцы.
Вялікую цікавасць выклікала выступленне міліцыянера-кінолога Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ са службова-вышуковым сабакам.
На бібліяночы адбылося адкрыццё сацыяльнага праекта “БалкON”, які накіраваны на стварэнне новых крэатыўных прастор з наступным правядзеннем на іх культурна-масавых мерапрыемстваў, летніх чытальных залаў. На балконе была прадстаўлена музычная праграма з удзелам ансамбля народнай музыкі Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў “Самагуды” пад кіраўніцтвам Сяргея Ярука, кіраўніка этнаграфічнага клуба “Кола”, вядучай Спеўнага схода Вольгі Трубач, маладых музыкантаў. На балконе працавала “Чайная пошта”, якая прапаноўвала бясплатную гарбату на любы густ. Адметна, што адразу на наступны дзень прыйшла дзяўчына, каб запісацца ў бібліятэку і пачытаць на балконе.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.