Бібліяноч «З кнігай праз стагоддзі»

размещено в: Новости | 0

15 верасня бібліятэкі Маладзечна правялі бібліяноч «З кнігай праз стагоддзі», прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і з нагоды прафесійнага свята бібліятэкараў – Дня бібліятэк. Рэжым работы бібліятэкі быў працягнуты да 21.00. Бібліятэкі горада разгарнулі некалькі тэматычных пляцовак, дзе праходзілі цікавыя і разнастайныя праграмы для наведвальнікаў.

Цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча падрыхтавала літаратурна-гістарычны праменад “Даўніна, падзеі, людзі…”. На абанеменце была аформлена выстава-інсталяцыя “Слава Вялікага Княства Літоўскага”, на якой можна было ўбачыць старадаўнія музычныя інструменты, зброю і адзенне, наведвальнікі маглі паўдзельнічаць у літаратурна-гістарычнай віктарыне, скласці гістарычныя пазлы. Для дзіцячага чытача працавала вясёлая майстэрня “Я ў сярэднявеччы”, якую праводзілі ДУА “Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў г. Маладзечна” і ДУК “Маладзечанскі раённы цэнтр рамёстваў” – праходзіў майстар-клас па вырабу кніжных закладак, ствараліся партрэты жадаючых у сярэдневяковым стылі.

Завітаў на свята журналіст, мастак, музыкант, лідар гурта “Рэха” Андрусь Такінданг. Ён не першы раз наведаў нашу бібліятэку і як і ў мінулыя разы парадаваў сваёй творчасцю ўдзельнікаў свята. Пасля выступлення прысутныя змаглі шчыра пагутарыць з ім, больш даведацца пра яго жыццёвы і творчы шлях.

А пасля госці бібліяночы маглі убачыць паказальныя выступленні маладзечанскага рыцарскага клуба “Шатландская пяхота”. Яго ўдзельнікі пазнаёмілі публіку з сярэдневяковым бытам і культурай шатладцаў і запрашалі прысутных далучыцца да дзеяння. Можна было не толькі ўбачыць даспехі і зброю тых часоў, але патрымаць іх у руках і нават паспрабаваць атакаваць імі шатландскага ваяра. Выступіў на свяце дудар Сяргей Ярук, які ўзначальвае філял маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў. Гэта неардынарны, самабытны музыкант, які пазнаёміў прысутных з музыкай сярэднявечча.

У зале літаратуры на замежных мовах працавала тэхнічная лабараторыя. Наведвальнікі маглі убачыць 3D-прынтэр, карыстацца 3D-ручкамі і інш.

Яркай і змястоўнай атрымалася пляцоўка “Прыгожае сярэднявечча”, арганізаваная бібліятэкай сямейнага чытання “Верасок”. Юныя ўдзельнікі расфарбоўвалі размалёўкі з выявамі рыцараў і замкаў. Для іх жа быў арганізаваны майстар-клас “Мой герб”, дзе кожны мог прыдумаць і намаляваць сабе свой уласны герб. Прыцягвала ўвагу выстава лепшых малюнкаў удзельнікаў раённага злёту юных талентаў “На шляху беларускага кнігадрукавання” і выстава-летапіс, прысвечаная гісторыі з’яўлення кнігі. Старэйшыя чытачы цікавіліся слайд-праглядам, прысвечаным Францыску Скарыне “Чалавек-легенда”, удзельнічалі ў гістарычнай віктарыне “Ад глінянай таблічкі – да друкаванай старонкі”.

На свае вочы наведвальнікі ўбачылі сярэдневяковае адзенне і зброю рыцараў Вялікага Княства Літоўскага. Жадаючыя маглі прымерыць кальчугу, патрымаць меч.

Працавала ў “Вераску” і спартыўная пляцоўка. Міні-дартс, фехтаванне, армрэслінг, падыманне гіры, хадзьба па канаце (на падлозе) – гэта былі конкурсы для самых спрытных і дужых.

Шумна і весела было ў гэты вечар і ў гарадской бібліятэцы-філіяле №1. Супрацоўнікі філіяла разам з аддзелам дзіцячай літаратуры і залай мастацтва цэнтральнай бібліятэкі таксама ладзілі гульнёва-пазнавальную праграму “З глыбінь вякоў нам засталася кніга…”.

Аматары бардаўскай песні маглі пачуць маладзечанскага барда Аляксандра Браілава і яго сяброў, патаньчыць разам з удзельнікамі этнаграфічнага клуба “КОLA”, які аб’ядноўвае аматараў старажытнай беларускай культуры канца XIX-XX стагоддзяў.

Цікавасць выклікала выстава друкаванай і вылічальнай тэхнікі, якой ужо не карыстаюцца.

Для дзяцей была прапанавана квэст-гульня «Падарожжа ў часе», віктарына «Казачнае лато», музычны конкурс «Адгадай мелодыю», бібліятэчны квілт “Чытаючыя дзеці – разумнейшыя за ўсіх на свеце». Усім жадаючым вучні мастацкай школы мастацтваў наносілі аквагрым. На працягу ўсяго свята карысталіся папулярнасцю настольныя гульні: лато, шашкі, баланс і г.д.

Сапраўдны аазіс настольных гульняў быў арганізаваны ў гарадской бібліятэцы-філіяле №7. Тут у рамках бібліяночы праходзіла пазнавальна-гульнёвая праграма “Шлях да друкаванага слова”. Наведвальнікі маглі ўдзельнічаць у літаратурным лато “Мы – нашчадкі Скарыны”, конкурсе дзіцячых малюнкаў “Вобразы сярэднявечча”, наведаць відэасалон “Францыск Скарына і наш час” і пляцоўку мыльных бурбалак. У фае інтэрната, побач з бібліятэкай працаваў мабільны 3D-планетарый, дзе можна было пабачыць фільмы пра зорнае неба.

Асаблівай папулярнасцю ва ўсіх бібліятэках ў наведвальнікаў карысталіся фотазоны, дзе ўсе жадаючыя маглі сфатаграфавацца на памяць.

 

Оставить ответ