«Быў. Ёсць. Буду.»: вечарына памяці Уладзіміра Караткевіча

размещено в: Новости | 0

19 верасня ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла вечарына памяці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду.”. Была яна прымеркавана да 40-годдзя з дня яго смерці і 60-годдзя выхаду ў свет яго дэтэктыўнай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”.

Творчасць Уладзіміра Караткевіча – выключная з’ява ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Тым, што стварыў гэты пісьменнік, магла б ганарыцца любая высокаразвітая літаратура. Асаблівая заслуга Караткевіча – у стварэнні выдатнай гістарычнай прозы, у якой пісьменнік здолеў паказаць беларусам, што ў іх ёсць свая гісторыя.

Гістарычны дэтэктыў “Дзікае паляванне караля Стаха” – адзін з найбольш папулярных твораў класіка. Народны пісьменнік Васіль Быкаў пісаў: “Створаная паводле выпрабаваных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта адметнае ў сваёй структуры, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць з пазіцый фармальнай логікі, а можна хіба адчуць. […] На мой погляд, тут моцна ўражвае нешта іншае, што ідзе, мабыць, з далёкіх нетраў жыцця, а таксама ад лепшых традыцый літаратурнага рамантызму ў духу Майн Рыда, Вальтэра Скота, Генрыха Сянкевіча.”

Натхняльнікам і вядучым мерапрыемства быў пісьменнік і краязнаўца, сябра бібліятэкі Міхась Міхасевіч Казлоўскі. Ён пазнаёміў гасцей сустрэчы са старонкамі біяграфіі аўтара, гісторыяй аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. Аповед ілюстравала электронная прэзентацыя. Да мерапрыемства была таксама падрыхтавана кніжная выстава.

На вечарыну завіталі і выказалі павагу і захапленне творчасцю Уладзіміра Сямёнавіча, а таксама чыталі свае творы мінскія і маладзечанскія пісьменнікі і паэты Тамара Пятроўна Бунта, Людміла Данілаўна Сільнова, Лідзія Міхайлаўна Гардынец, Тамара Іванаўна Бярэзіна. Выканала музычныя творы пад гітару пісьменніца, паэтка, бард Марыя Шабанец, прачытала свае вершы госця з суседняга Валожына, член народнага літаратаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» ДУК «Валожынскі раённы Цэнтр культуры» Галіна Іосіфаўна Гражынская.

 

Оставить ответ