Библионочь-2019. Фотоотчет. Часть 1

размещено в: Новости | 0

18 красавіка бібліятэкі горада ў чарговы раз далучылася да Міжнароднай акцыі “Бібліяноч”, якая доўжылася з 17.00 да 21.00. Падзея атрымалася яркай, насычанай ўражаннямі, запамінальнай.

На абанеменце цэнтральнай бібліятэкі праводзіўся квэст-рум “Літаратурныя вандроўкі па Беларусі”. Удзельнікам трэба было выканаць умоўныя тэматычныя запыты чытачоў па гісторыі і літаратуры Беларусі.

Наведвальнікам таксама прапаноўвалася віктарына “Кніга ў таямнічай вокладцы”. Па ўрыўку з кніг беларускіх класікаў трэба было ўспомніць яе назву і аўтара.

Тут жа разгарнулася выстава работ-хобі бібліятэкараў: вышываныя работы, мастацкія карціны, выпечка і інш.

Упершыню на “Бібліяночы” працавала “Жывая бібліятэка”. Прынцып “Жывой бібліятэкі” просты: на сустрэчу запрашаюцца некалькі “жывых кніг” – цікавых людзей, з якімі звязаны пэўныя стэрэатыпы. Размова з імі праходзіць у невялікіх групах па 5-7 чалавек, затым групы мяняюцца.Так за адну сустрэчу чалавек можа “прачытаць” некалькі кніг і даведацца напрамую аб тым, што яго цікавіць.

“Жывымі кнігамі” на бібліяночы былі: акцёр Алег Чэчэнеў, мастакі Bazinato і Наталля Чырвонцава. Наведвальнікі выбіралі і чыталі “кнігі” амаль да канца акцыі. “Жывая бібліятэка” дала ім магчымасць пачуць і зразумець іншых людзей, задаць ім пытанні, пазбавіцца стэрэатыпаў.

На “Бібліяноч” быў запрошаны “Тэатр мод” Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, удзельнікі якога прадставілі калекцыю мадэляў адзення нацыянальнага і сучасных стыляў. Дэманстраваліся фільмы, прысвечаныя беларускім нацыянальным строям і сучаснай вышыванцы.

Цікавым было выступленне міліцыянера-кінолага Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ са службова-вышуковым сабакам.

На пляцоўцы перад уваходам у бібліятэку працаваў буккросінг.

Падчас “Бібліяночы” адбылося адкрыццё сацыяльнага праекта “БалкON”, накіраванага на стварэнне новых крэатыўных прастор з наступным правядзеннем на іх культурна-масавых мерапрыемстваў, летніх чытальных залаў. На балконе была прадстаўлена музычная праграма з удзелам ансамбля народнай музыкі Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў “Самагуды” пад кіраўніцтвам Сяргея Ярука, кіраўніка этнаграфічнага клуба “Кола”, вядучай Спеўнага схода Вольгі Трубач, маладых музыкантаў. На балконе працавала “Чайная пошта”, якая прапаноўвала бясплатную гарбату на любы густ.

У бібліятэцы сямейнага чытання “Верасок” працавала пляцоўка “Мы гэтай Зямлі працяг”, якая прысвячалася Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У ходзе мерапрыемства працавалі крэатыўныя “бібліятэчныя фотазоны”, дзе можна было апынуцца ў атмасферы ваенных гадоў і захаваць памятныя імгненні, паслухаць папулярныя песні таго часу.

Інтэлектуальныя гульні і інтэрактыўныя пляцоўкі карысталіся вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў. У ходзе бібліякэшынга “Ваенная тайна” удзельнікі выконвалі заданні на хуткасць рэакцыі і кемлівасць, спаборнічалі ў ведах ваенных і ваенна-марскіх тэрмінаў, разгадвалі галаваломкі. Усе паспяхова справіліся з заданнямі і разгадалі назву ваеннай аперацыі –“Баграціён”.

Неверагоднай энергетыкай зарадзілі ўсіх хлопцы з ваенна-патрыятычнага клуба “Юны дэсантнік”. Яны падрыхтавалі і прадэманстравалі паказальную праграму па традыцыйнаму самба і рукапашнаму бою “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”.

У чытальнай зале можна было паглядзець відэаматэрыялы, якія адлюстроўвалі гераічныя падзеі вызвалення Беларусі. А удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Авіямадэльны гурток “Узлёт” рабілі мадэлі самалётаў і праводзілі паказальныя палёты.

У канферэнц-зале дэманстраваліся экспанаты з юбілейнай выставы работ студыі дызайну “Уют” дзіцячага цэнтра культуры “Расток”.

На абанеменце супрацоўнікамі была разгорнута майстэрня радасці “Зямля, што дорыць натхненне”. На працягу ўсяго вечара прапаноўвалася зрабіць паштоўкі, незвычайныя закладкі для кніг і многія іншыя творчыя вырабы.

На малодшым абанеменце прайшла ваенна-патрыятычная гульня “Сцежкаю герояў”. Удзельнікам прапаноўвалася адказаць на пытанні па тэме “Вайсковыя прафесіі”, праявіць свае веды ў віктарыне “Палкаводцы” і інш.

Для самых юных наведвальнікаў быў адчынены дзіцячы арт-салон “Наша армія моцная!”, у ходзе работы якога можна было памаляваць пальчыкавымі фарбамі, размаляваць карцінкі з выявай ваеннай тэхнікі.

На працягу ўсяго мерапрыемства працавалі інтэрактыўныя кніжныя выставы, дзе дэманстраваліся выданні з фондаў бібліятэкі. Асаблівай папулярнасцю карысталася інтэрактыўная выстава да 95-годдзя Васіля Быкава “Я раскажу вам пра вайну”.

Бібліятэкары аддзела дзіцячай літаратуры цэнтральнай бібліятэкі прынялі ўдзел у акцыі на пляцоўцы “Мой горад у сэрцы маім”. На працягу свята ўсе госці бралі ўдзел у краязнаўчым круізе “Вуліцы нашых герояў”, “Тэатр ценяў” прыадчыніў таямніцы кніг для маленькіх гасцей. Удзельнікі з цікавасцю глядзелі казку “Груффало” англійскай пісьменніцы Дж.Дональдсан, а жадаючыя маглі самі прыняцьўдзел у пастаноўцы. Таксама ўвазе прысутных была прадстаўлена фотасушка “Гэта наш горад”.

Зала мастацтва аформіла  выставу діцячых малюнкаў “Фарбы Перамогі”.  Цікава прайшла і музычная віктарына “Эти песни спеты на войне”. Дзеці з задавальненнем прымалі удзел у майстар-класе па вырабу салдацкіх пілотак.

Гарадская бібліятэка-філіял №1 працавала на пляцоўцы “Мой горад ў сэрцы маім”. Актыўна ўдзельнічалі наведвальнікі мерапрыемства ў квэст-гульні пад назвай “Пройдзем дарогамі вайны”. Каб знайсці кнігу С.Смірнова “Брэсцкая крэпасць”, удзельнікам прыйшлося разгадваць рэбусы, крыжаванкі, складваць пазлы. Ім было цікава праверыць такім незвычайным спосабам свае веды аб Вялікай Айчыннай вайне, яе ўдзельніках і іх подзвігах.

Для маленькіх чытачоў бібліятэкі быў праведзены квэст “Пошукі скарбаў”. Дзецям прыйшлося пераадольваць розныя перашкоды, адказваць на няпростыя  пытанні пірата, разгадваць загадкі, змагацца са страшнымі павукамі, паспрабаваць ежу тубыльцаў і знайсці карту, якая ў выніку прывяла да скарбу. Маленькім падарожнікам ў пошуку дапамаглі кемлівасць, эрудыцыя і дапытлівасць.

На мерапрыемстве выступілі навучэнцы ДУДА “Маладзечанскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” тэатральная студыя “Казка” і аб’яднанне па інтарэсах “Яе вялікасць – гульня” пад кіраўніцтвам Іванькінай Г.П.

Для дарослага чытача была арганізавана сустрэча з паэткай Антанінай Рудзь. Прайшла яна ў цёплай абстаноўцы  за кубкам гарбаты. Літаральна кожны яе верш звязаны з пэўнымі падзеямі ў жыцці, таму размова плаўна перайшла ва ўспаміны пра яркія жыццёвыя моманты ўсіх ўдзельнікаў сустрэчы.

На працягу вечара праходзіў турнір па шашках, працавала фотазона “Память огненных лет”, кожны жадаючы мог зрабіць аквагрым.

 У гарадской бібліятэцы-філіяле №2 акцыя мела назву “Пад ветразем любові”.

На мерапрыемстве была разгорнута выстава работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці чытачкі бібліятэкі І.Л.Шарак. На выставе прадстаўлены вырабы з саломкі, пацерак, тканіны, нітак, арыгамі. Ірына Леанідаўна прадставіла сваю выставу і адказала на пытанні прысутных.

Вельмі жыва прайшла размова аб водных рэсурсах Беларусі “Каштоўная вільгаць”. Дзеці прагледзелі відэафільм аб рэках і азёрах Беларусі, праслухалі інфармацыю  пра ваду і самі правялі вопыты з вадой. Назіралі, як яна змяняе колер, густ, пах. Затым адказалі на пытанні віктарыны па казках, у якіх прысутнічалі элементы вады ў розных станах.

Не меньш цікавай была сустрэча з пісьменнікам, краязнаўцам і філакартыстам М.М.Казлоўскім “Святло маіх захапленняў”. Да ўвагі ўдзельнікаў былі прадстаўлены два альбомы “Паштоўкі”. Паказ суправаджаўся займальным расповедам. Дзеці з вялікай цікавасцю гарталі альбомы, задавалі пытанні. М.Казлоўскі распавёў аб сваёй пісьменніцкай дзейнасці, зрабіў агляд сваіх кніг з фонду бібліятэкі.

“Натхненне роднага краю” – пад такой назвай прайшла бібліяноч ў гарадской бібліятэцы-філіяле №7. Адкрыла мерапрыемства выступленне навучэнцаў ДУА “Маладзечанская дзіцячая школа мастацтваў”. Затым усе госці прынялі актыўны ўдзел у літаратурна-інтэлектуальнай латарэі “Краязнаўчы рамонак”, дзе змаглі праверыць свае веды аб родным горадзе і сваёй краіне.

З энтузіязмам удзельнікі бібліяночы прыступілі да вырабу кветак з паперы. Майстар-клас правяла чытач бібліятэкі, самабытны майстар – Будзько А.А. Усяго праз гадзіну ў бібліятэцы вырасла клумба з пунцовых цюльпанаў.

Паспяхова прайшла праграма духоўна-патрыятычнага аб’яднання “Светочь” ДУ “Палац культуры г.Маладзечна”. Выступленне вядучых суправаджаў відэарад пра нашага знакамітага земляка – Генадзя Каханоўскага. Гледачы даведаліся шмат новага аб гэтым выдатным чалавеку. Напрыканцы  выступлення прайшла гульня-віктарына, пераможцы якой атрымалі прызы – цікавыя кнігі.

Для гасцей мерапрыемства адкрыла дзверы гульнёвая гасцёўня пад назвай “Бродилки” з рознымі гульнямі і конкурсамі. Самыя запамінальныя – намалюй казачнага персанажа мелам на дошцы з закрытымі вачыма, “сапсаваны тэлефон”, літаратурнае даміно і інш.

На працягу ўсяго вечара дзейнічала фотазона “Падарожжа на паветраным шары”.

“Бібліяноч-2019” парадавала ўсіх удзельнікаў разнастайнасцю падзей, цікавымі зносінамі і яркімі эмоцыямі. Арганізатары мерапрыемства прыклалі ўсе намаганні, каб свята было пазнавальным, змястоўным і займальным.

Оставить ответ