Беларускі салавей: 135 год з дня нараджэння Змітрака Бядулі

размещено в: Новости | 0

23 красавіка спаўняецца 135 год з дня нараджэння Змітрака Бядулі.

Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік) з’яўляецца адным з выбітных пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Ён паэт-рамантык, аўтар лірычных вершаў і мініяцюр, раманіст, публіцыст з выразна вызначанай цікавасцю да актуальных праблем, таленавіты і арыгінальны тэатральны крытык, даследчык пытанняў этнаграфіі і фальклору, дзіцячы пісьменнік.

Нарадзіўся Змітрок Бядуля 23 красавіка 1886 года ў мястэчку Пасадзец Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў шматдзетнай небагатай яўрэйскай сям’і. Будучы пісьменнік вучыўся ў навучальных установах яўрэйскай абшчыны. Ведаў іўрыт – старажытнаяўрэйскую мову, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і крыху польскую мовы. Некаторы час Змітрок Бядуля працаваў настаўнікам яўрэйскай мовы.

У канцы 1912 года паэт пераехаў у Вільню, дзе працаваў у выдавецкім таварыстве, быў сакратаром газеты «Наша Ніва», рэдактарам якой у той час быў Янка Купала.

У 1915 годзе Змітрок Бядуля вярнуўся ў родны Пасадзец, а праз некаторы час пераехаў у Мінск, дзе ўдзельнічаў у працы Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Жыў на адной кватэры з Максімам Багдановічам.

Яго талент шырокі і разнастайны: аўтар рамана «Язэп Крушынскі», некалькіх кніг паэзіі, прозы, разнажанравых твораў для дзяцей. Пісьменнік рамантычнага склада, Змітрок Бядуля тым не менш будаваў свае творы на жорсткай рэчаіснасці цяжкага жыцця простага люду.

Значнай з’явай у беларускай літаратуры стала аповесць Змітрака Бядулі «Салавей», прысвечаная мінуламу, дзікім часах прыгоннага права. Гэта цікавы, змястоўны, казачны, прыгодніцки і рамантычны твор. Па матывах гэтай аповесці Міхаілам Крошнером пад кіраўніцтвам дырыжора Іллі Гітгарца быў пастаўлены балет «Салавей», які з’яўляецца першым беларускім балетам. Прэм’ера адбылася 11 мая 1939 года на сцэне Мінскага тэатра оперы і балета. А яшчэ ў 1937 годзе на сцэне Купалаўскага тэатра з выключным поспехам прайшла прэм’ера спектакля «Салавей».

Памёр Змітрок Бядуля у эвакуацыі каля Уральска 3 лістапада 1941 года, дзе і быў пахаваны.

Бібліятэкі ДУК «Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча» падрыхтавалі шэраг выстаў, прысвечаных выдатнаму паэту. Наведвальнікі бібліятэк змогуць пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай З.Бядулі, якая прадстаўлена выбранымі творамі, асобна выдадзенымі кнігамі, зборнікамі вершаў і расказаў, літаратурай аб жыцці і дзейнасці паэта.

 

 

Оставить ответ