“Багата, родная ты мова…”

размещено в: Новости | 0

У календары ёсць такое свята – Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. Родная мова – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі. Гэта цэлы свет, люстэрка жыцця чалавека, народа, носьбіт калектыўнай памяці. І ў гэтым свеце беларуская мова – мова нашай радзімы.

Амаль у кожным культурным кутку краіны з нагоды Дня роднай мовы адбыліся розныя мерапрыемствы. Не пакінулі без увагі гэту дату і супрацоўнікі гарадской бібліятэкі-філіяла № 2. Тут для чытачоў бібліятэкі было арганізавана мерапрыемства “Багата, родная ты мова…”: інтэлектуальная дыскусія. Кафедру і памяшканне бібліятэкі ўпрыгожылі плакатамі з выказваннямі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў пра мову, падрыхтавалі “Скарбонку з пытаннямі”. Яе напоўнілі карткамі з рознымі заданнямі: “Загадкі з скрыначкі” – прапаноўваліся вясёлыя загадкі на роднай мове, “Прыказкі і прымаўкі” – дзе трэба было ўспомніць апошняе слова прымаўкі, або з некалькіх частак прымавак скласці адну, заданне “Перакладчык”, патрэбна было перакласці словы з рускай на беларускую мову, заданне “Пазнай твор па яго пачатку”, конкурс “Эрудыты – мовазнаўцы”, у якім трэба было адказаць на пытанні, звязаныя з беларускай мовай, а таксама конкурс на веданне рэдкаўжывальных беларускіх слоў.

Акрамя гэтага была аформлена кніжная паліца “Багата, родная ты мова”. Тут, побач з творамі класікаў беларускай літаратуры размешчаны творы сучасных айчынных пісьменікаў, а таксама творы вуснай народнай творчасці.

Чытачы бібліятэкі з вялікай насалодай прынялі ўдзел у мерапрыемстве і паказалі добрыя веды беларускай мовы.

Оставить ответ