Бабуліна спадчына

размещено в: Новости | 0

18 лютага ў сельскай бібліятэцы аг. Лебедзева прайшла літаратурна-этнаграфічная гадзіна “Бабуліна спадчына”. Пераемнасць пакаленняў неабходна выхоўваць з дзяцінства. Знаёмячыся з жыццём сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў, дзеці пачынаюць разумець сувязь часоў і ўсведамляць сваё дачыненне да гістарычных падзей. Менавіта таму, на наша мерапрыемства запрасілі людзей рознага ўзроста – прысутнічалі вучні 4 і 10 класаў Лебедзеўскай СШ, удзельнікі аматарскага аб’яднання літаратурнай накіраванасці “Натхненне”, якое працуе пры бібліятэцы.

Сустракала гасцей вучаніца 10 класа Палуха Лізавета на парозе імправізаванай экспазіцыі сялянскай хаты. Яна прачытала верш Я. Купалы “Спадчына” пад акампанемент скрыпкі і цымбал, у выкананні настаўнікаў Лебедзеўскай дзіцячай школы мастацтваў. Далей бібліятэкар, у ролі Гаспадыні, правяла экскурс па выставе-экспазіцыі аздобленай у беларускім народным стылі: стол, пакрыты бялюткім абрусам, “чырвоны” кут, упрыгожаны абразамі і рушнікамі, і многа яшчэ чаго цікавага, што дапамагае нам імгненна апынуцца ў сялянскай хаце, дарослым успомніць далёкае вясковае дзяцінства, а дзецям расказаць аб тым, як жылі іх продкі. Вялася гаворка пра цэнтральныя месцы ў сялянскай хаце – покуць, стол і печ. Госці ўбачылі гліняныя, драўляныя, тканыя і металічныя прадметы сялянскага побыту. Пачулі аб іх адметных ролях у гаспадарцы. Калі гаворка зайшла аб традыцыйных святах беларусаў, нас усіх парадавалі вясельнымі песнямі маленькія артысты – гурт “Беларуская скарбонка” Лебедзеўскай сярэдняй школы. Удзельніца літаратурнага аб’яднання “Натхненне” М. С. Глод, якой сёлета споўнілася 80 гадоў, звярнулася да дзяцей з прызывам часцей азірацца назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці – у хаце з матчынай душой, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню. На заключэнне госці паслухалі цудоўны верш нашай зямлячкі Антаніны Рудзь “Беларусь”.

Гэта ўсё Беларусь, гэта спадчына наша,

Вечны прашчураў след, іх салёная чаша,

Гэта наша жыццё, гэта наша сумленне,

Боль і радасць тваіх, Беларусь, пакаленняў!

У канцы сустрэчы Гаспадыня, гаворачы аб тым, што беларусы заўсёды былі дабразычлівымі і гасцёўнымі людзьмі, пачаставала гасцей цукеркамі і салодкімі пернікамі.

Оставить ответ