27 кастрычніка ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісу Эдуарда Мацюшонка “Я нарадзіўся тут”.
Эдуард Мацюшонак нарадзіўся ў вёсцы Мнюта Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. З дзяцінства імкнуўся зразумець душу чалавека, выяўляў жаданне разгадаць таямніцы прыроды. Маляваў як адчуваў і разумеў. Для майстра былі і застаюцца блізкімі любоў і павага да роднай зямлі, яе жыхароў, бацькоўскага дому, таямніц прыроды, глыбінь гісторыі. Сам ён бясконца ганарыцца сваімі сялянскімі каранямі, нястомна разважае пра тое, як важна, каб дом, адкуль пачаўся шлях кожнага з нас, быў сапраўдным каўчэгам, вытокам любові і разумення.
З 1984 года з сям’ёй жыве і працуе ў Вілейцы Мінскай вобласці ў гімназіі № 1 “Логас”, выкладае маляванне і курс “Айчынная і сусветная мастацкая культура”, кіруе дзіцячай студыяй “Вясёлка”. Многія з яго вучняў сталі дыпламантамі шэрагу конкурсаў у галіне дызайну і архітэктуры.
З 1986 года распачаў актыўную творчую дзейнасць. Прымае ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных выставах. На дадзены момант адбылося больш за 15 персанальных выстаў як у Беларусі, так і за мяжой. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, ЗША і Германіі. У 1989 годзе прыняты ў маладзёжную секцыю Беларускага саюза мастакоў.
На адкрыцці мастак прадстаўляў свае карціны гледачам. І вёў эмацыянальны, душэўны расказ пра жыццё, пра свой род, пры гэтым у плынь сваёй размовы ўстаўляў сюжэты пра выбітных людзей нашага краю. Творы Эдуарда Уладзіміравіча напоўнены глыбокімі філасофскімі разважаннямі і вельмі блізкія гледачу.
Павіншаваць творцу прыйшлі яго калегі, сябры, сваякі і прыхільнікі творчасці. Цёплыя, сардэчныя словы пажаданняў выказалі: Мікалай Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Міхась Казлоўскі, Алена Кучко і шмат іншых.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.