АБ ПРАЕКЦЕ
1 сакавіка 2022 года споўніцца 120 гадоў з дня нараджэння мастачкі, члена Саюза мастакоў СССР, Заслужанага дзеяча
культуры Польшчы, ордэнаносцы
Ядвігі Раздзялоўскай.
Яна нарадзілася ў першы дзень вясны, як і яе любімы музыкант Фрэдэрык Шапэн. Ужо 30 гадоў, як адышла ў іншы свет незабыўная пані Ядзя, а ў маладзечанскіх мастакоў прадаўжаецца добрая традыцыя збірацца разам у першы дзень вясны, як некалі збіраліся яны ва ўтульнай кватэры. Гучалі віншаванні, вершы і пранікнёная
музыка Шапэна.
На працягу многіх гадоў яе лёс быў звязаны з Маладзечнам. Ураджэнка Польшчы, але ўвесь свой талент і працу аддавала Беларусі. Яна належыла да тых людзей, якія ствараюць гонар нашага горада, творчасць якой істотна абагачае скарбніцу нацыянальнай культуры, з’яўляецца важкім набыткам
беларускага мастацтва.
Наспеў час аддаць належнае незвычайнай жанчыне, мастачцы, АСОБЕ! У гонар ушанавання памяці выдатнай мастачкі даведачная служба Маладзечанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя М. Багдановіча стварыла віртуальны музей Ядвігі Раздзялоўскай “Кветкі шчодрага таленту”, прысвечаны яе жыццю і творчасці.
Пры стварэнні рэсурсу выкарыстаны матэрыялы з кніг, перыядычных выданняў, інтэрнет-сайтаў, а таксама ўспаміны і фотаздымкі з асабістага архіву Юрыя ЦЕРАБУНА, які на працягу многіх год з’яўляўся верным сябрам, вучнем, адданым паклоннікам таленту мастачкі, захавальнікам яе мастацкай спадчыны і чалавекам, які даглядаў яе ў апошнія гады жыцця.
Праект складаецца з сямі раздзелаў, уключае біяграфічныя звесткі, фотаздымкі, рэпрадукцыі карцін, дакументальны фільм.
Шматлікія звесткі падмацаваны ўспамінамі тых, хто меў шчасце дакрануцца да яе таленту…